Каралінскія сініцы (Poecile carolinensis) – невялікія, аселыя ў паўднёва-усходніх штатах ЗША птушкі. Пасля сезону гнездавання яны далучаюцца да чародак іншых, большых памерамі відаў вераб’іных, такіх як вострачубая сініца (Baeolophus bicolor), каралінскі папаўзень (Sitta carolinensis) і разнастайных відаў дзятлаў. Доўгатэрміновыя назіранні тлумачаць, чаму гэта можа быць карысна не толькі для найменшых памерамі ў групе каралінскіх сініц.
У гэтых змешаных чародках каралінскія сініцы амаль заўсёды з’яўляюцца субдамінантнымі, а гэта значыць, што іх пад час харчавання апярэджваюць іншыя, большыя віды з той жа чарады. Тады чаму першыя далучаюцца да падобных груп, якія перавагі яны могуць атрымаць там?
Адно з магчымых тлумачэнняў можа быць у тым, што далучэнне да змешанай рознавідавой групы дае магчымасць усім яе ўдзельнікам назіраць за разнастайнымі паводзінамі ў здабыванні ежы і таму павялічваецца крэатыўнасць і магчымасць выкарыстання інавацый для ўдзельнікаў усёй групы.
Напрыклад, анцільскія туркаўкі (Zenaida aurita) выйграюць, калі знаходзяцца ў той самай групе з карыбскімі гракламі (Quiscalus lugubris). У туркавак няма свайго голаса трэвогі, але яны адапведны чынам рэагуюць на крыкі трэвогі граклаў. Граклы, у сваю чаргу, могуць капіраваць паспяховыя харчовыя паводзіны туркавак.
Агульная перавага як для аднавідавой, так і рознавідавой групы ў тым, што большая колькасць вачэй і вушэй азначае большую бяспеку і для ўсёй групы, і для яе асобных удзельнікаў. А гэта, у сваю чаргу, дазваляе ўсім птушкам больш часу прысвяціць іншым важным праявам жыццядзейнасці.
Падобныя заканамернасці былі знойдзены і для каралінскіх сініц. На працягу двух дзесяцігоддзяў амерыканскія навукоўцы адсочвалі паводзіны птушак з рознавідавых чародаў на птушыных сталоўках простай плоскай канструкцыі. Пасля таго, як птушкі знаходзілі сталоўкі і пачыналі з іх карыстацца, даследчыкі прыбіралі з іх ежу і ставілі ў гэтым месцы сталоўкі бункернага тыпу, якія птушкі не маглі бачыць раней.
Аказалася, што каралінскія сініцы ў чародах з вострачубымі і попаўзнямі з большай імавернасцю карысталіся са сталовак новай формы, чым калі птушкі былі ў чародках менш разнастайнага складу. Вельмі падобныя паводзіны назіраліся і для вострачубых сініц: яны таксама хутчэй знаходзілі як даставаць ежу са сталовак незнаёмай ім формы, калі прыляталі да іх у больш разнастайнай групе. Акрамя наўпроставага навучання ў выглядзе капіравання паводзін іншых відаў ці асобін, птушкі ў большых групах могуць менш часу прысвяціць назіранням за наваколлем каб пазбегнуць атакі драпежніка і, адпаведна, больш вырашэнню важнай для іх праблемы. Гэтыя вынікі сведчаць пра тое, што разнастайнасць групы сама па сабе, per se, можа быць карыснай асобным птушкам у рознавідавой чарадзе ў навучанні знаходзіць ежу ў незнаёмай ім абстаноўцы ці мясцінах.
Акрамя гэтага, у іншых даследаваннях было заўважана, што рознавідавыя групы птушак пасля таго, як заўважаць драпежніка, актыўна паведамляюць пра яго прысутнасць усім навокал і могуць, хаця і з рознай актыўнасцю ў розных відаў, нападаць на яго каб прагнаць на бяспечную адлегласць – займаюцца моббінгам.
Крыніцы:
Andrea S. Griffin et al. 2005 Mixed-species aggregations in birds: zenaida doves, Zenaida aurita, respond to the alarm calls of carib grackles, Quiscalus lugubris. Animal Behaviour 70: 3, 507-515 https://doi.org/10.1016/j.anbehav.2004.11.023
Freeberg T. et al. 2017 Diversity in mixed species groups improves success in a novel feeder test in a wild songbird community. Sci Rep 7, 43014 https://doi.org/10.1038/srep43014
Mark T. Nolen, Jeffrey R. Lucas 2009 Asymmetries in mobbing behaviour and correlated intensity during predator mobbing by nuthatches, chickadees and titmice. Animal Behaviour 77: 5, 1137-1146 https://doi.org/10.1016/j.anbehav.2009.01.023
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак з www.pixabay.com
На гэтую тэму:
Сініцы хутка вучацца ад іншых сініц што есці не варта
Птушкі розныя патрэбны, птушкі розныя важны
Сініцам не перазімаваць асобна, без групы
Як птушкі расплачваюцца за свае зімовыя інвазіі?
Галубы гатовы траціць больш энергіі, каб толькі ляцець разам
Як выжываюць тыя птушкі, якія застаюцца зімаваць на поўначы?
Каўкі і моббінг драпежніка: збірацца больш трох значна лягчэй
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ