У першай палове чэрвеня мне пашанцавала ў якасці запрошанага назіральніка ўдзельнічаць у самай вялікай міжнароднай гонцы за птушкамі, якая ў другі раз адбывалася ў Перу – Nor-Amazonico Birding Rally Challenge-2013. За шэсць дзён спаборніцтваў, якія адбываліся ў паўночнай частцы гэтай паўднёва-амерыканскай краіны, мы праехалі прыкладна 1500 км.
Усе разам шэсць каманд-удзельніц (дзве з ЗША і па адной з Бразіліі, Вялікабрытаніі, Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі і Гішпаніі) адзначылі 864 віды птушак. Перамагла амерыканская каманда LSU-Tigrisomas, якая прадстаўляла Музей прыроды Луізіанскага дзяржаўнага ўніверсітэту і змагла занесці ў свой спіс ажно 636 відаў! Аднак цяпер я хацеў бы распавесці не пра гэта…
Гэта была мая першая паездка ў Новы Свет, таму ўсе сустрэтыя там віды птушак былі новымі для мяне (акрамя шызага галуба). Так склалася, што замоўлены загадзя вызначальнік птушак Перу (на 1817 відаў !) пошта даставіла толькі праз два тыдні пасля таго, як я вярнуўся з падарожжа. Першы дзень пасля прылёту ў Ліму я правёў у пошуках птушак самастойна. Таму і вызначаць сфатаграфаваных і заснятых на відэа ў гэты дзень птушак мне прыйшлося самастойна ўжо пасля таго, як я займеў вызначальнік.
Аднымі з першых птушак, якіх я сустрэў у сталіцы Перу, сталі падобныя афарбоўкай і паводзінамі на нашых чорных драздоў нейкія рухлівыя чорныя птушкі. Яны бясстрашна пераляталі дарогу і сядалі ў пошуках ежы і для прыгожых гучных спеваў на газоны і дрэвы, а таксама агароджы невялікіх вілаў самага багатага ў Ліме раёна Мірафлорэс, дзе знаходзіўся наш гатэль, ад якога я і пачаў свае прыгоды з птушкамі Перу.
Паводле вызначальніка, гэта мог быць толькі адзін від – хмызняковы трупіял sensu lato (Dives warszewiczi), прычым паводле формы дзюбы і распаўсюджання пасаваў менавіта падвід Каліноўскага (D.w. kalinowskii).
http://youtu.be/0qothuyH1HY
Да пачатку пошукаў вытокаў такой патрыятычнай беларускай назвы ў год 150-годдзя паўстання 1863 году, якое ў былым ВКЛ ачольваў Канстанцін Каліноўскі, я ўжо нешта ведаў і вырашыў пачаць менавіта з гэтага.
Уладзіслаў Тачаноўскі (1819-1890), заснавальнік польскай арніталогіі і шматгадовы кіраўнік заалагічнага кабінэту (фактычна – музэю) ў Варшаве, доўгі час займаўся тым, што сістэматызаваў і апісваў новыя віды птушак, якіх яму дасылалі з розных частак Свету. Ў тым ліку і сасланыя ў Сібір былыя паўстанцы 1863 году: наш зямляк Бенедыкт Дыбоўскі, а таксама Міхаіл Янкоўскі, Віктар Гадлеўскі ды іншыя. Ў мяне не было сумневаў, што як патрыёт-паляк, Тачаноўскі падзяляў мэты паўстання – вызваленне Рэчы Паспалітай з пад іншаземнай акупацыі. Я таксама ведаў пра тое, што дзякуючы дасланым яму птушкам, Тачаноўскі значна прычыніўся да вывучэння і апісання птушак Перу: ў 1884-86 гг. у Францыі выйшлі тры тамы “Ornitologie du Pérou”, у якіх ён апісаў 1351 від, з якіх 113 былі новымі для навукі. Некаторым з новых відаў ён даваў назвы польскіх даследчыкаў і меценатаў, напрыклад, графаў Браніцкіх ці арнітолага Яна Штольцмана. Паводле маёй гіпотэзы, менавіта Тачаноўскі назваў новаапісанага трупіяла ў гонар Каліноўскага. Прычым, менавіта, Канстанціна Каліноўскага…
Аднак рэчаіснасць аказалася іншай, але цікавейшай. Найперш аказалася, што ад нейкага часу Dives kalinowskii – самастойны від (эндэмік Перу?). Акрамя гэтага, апісалі яго два навукоўцы: Berlepsch & Stolzmann у 1892 г. Такім чынам, гэта не быў Тачаноўскі. Але ў гонар якога Каліноўскага была названая імі птушка? Вось што атрымалася паступова раскапаць, дзякуючы інтэрнету.
Ганс Герман Карл Людвіг Берлепш (Hans Hermann Carl Ludwig Berlepsch) (1850 –1915) быў знакамітым нямецкім арнітолагам і калекцыянерам. Між іншым, ён фундаваў даследаванні і зборы птушак Янам Каліноўскім у Перу. Пасля смерці першага, яго калекцыя з 55 тысяч скурак птушак (!) была прададзена ў музей Франкфурта-на-Майне.
Здымак графа фон Берлепша з www.avibushistoriae.comЯн Штольцман (Jan Sztolcman) (1854 -1928) – знакаміты польскі арнітолаг нямецкага паходжання, які па заданні заалагічнага кабінету Варшаўскага ўніверсітэту ў 1875 г. (успомнім, што ў гэты час ім кіраваў Тачаноўскі), падарожнічаў у Перу.
Разам абодва арнітолагі апублікавалі падрабязны артыкул “Пра арніталагічныя даследаванні сп-ра Яна Каліноўскага ў Центральным Перу” (On the Ornithological Researches of M. Jean Kalinowski in Central Peru) ў часопісе Proceedings of the Zoological Society of London Volume 64, Issue 2, pages 322–388, March 1896.
Стала канчаткова зразумела, што Ян (альбо Хуан) Каліноўскі – зусім не Канстанцін...
І вось што атрымалася знайсці пра яго:
Ян Каліноўскі (Jan (Juan) Kalinowski) (17.05.1857 - 06.1941) нарадзіўся пад Варшавай. Бацька быў ляснічым, таму дзяцінства Яна прайшло ў лясах. Гэта, напэўна, мела ўплыў на яго любоў да прыроды, вывучэнню якой ён прысвяціў жыццё.
Вясной 1879 г. малады Ян пачаў свае далёкія падарожжы з выправы на Камчатку. Туды, па просьбе і на дапамогу былому прафесару заалогіі і катаржаніну Бенедыкту Дыбоўскаму, яго паслаў куратар Заалагічнага кабінету Галоўнай школы (універсітэту) ў Варшаве Уладзіслаў Тачаноўскі. Дыбоўскі ўжо адбыў свой 12-ці гадовы тэрмін ссылкі і вырашыў працягнуць вывучэнне фауны Сібіры і Далёкага Ўсходу Расіі ўжо як вольны чалавек. (Тут варта нагадаць, што Дыбоўскаму і калегам дапамагаў у вывучэнні прыроды Сібіры яшчэ адзін Каліноўскі – ссыльны катаржанін Рафал Юзэф, будучы манах-кармеліт і Святы.)
Дзякуючы супольнай працы па збору і апісанню заалагічных калекцый, Ян стаў не толькі дасведчаным заолагам, але , па прыкладу Дыбоўскага, і лекарам. У 1885 годзе Каліноўскі самастойна едзе ў Карэю, дзе сабраў больш за 150 скурак новых відаў птушак. У 1888 годзе ён вяртаецца ў Варшаву, куды яго выклікаў Тачаноўскі.
У гэты час у Заалагічным кабінеце паўсталі багатыя зборы, да якіх у значнай меры сваімі фундушамі прычыніліся графы Аляксандр і Канстанты Браніцкія. Яны прывозілі шматлікія экспанаты са сваіх падарожжаў, але, галоўнае - яны фінансавалі падарожжы іншых заолагаў і дзейнасць Кабінету ў Варшаве. Ужо пасля смерці бацькі Канстанціна, яго сын Ксаверы стварыў прыватны Музей прыроды імя Браніцкіх у 1887 годзе, каб перадухіліць магчымае вывязенне каштоўных калекцый бацькі ў Расію. Менавіта за грошы Браніцкіх Тачаноўскі прапанаваў Яну Каліноўскаму экспедыцыю і працу ў недаследаванай яшчэ частцы Центральнага Перу, пра багацце авіфауны якога Тачаноўскі добра ведаў. Галоўнай мэтай Яна было сабраць цікавыя экспанаты для музею Браніцкіх.
Каліноўскі паплыў у Паўднёвую Амерыку ў верасні 1888 году. Прычым ніколі не вярнуўся на Радзіму…
Запланаваныя для яго арніталагічных, энтамалагічных і батанічных даследаванняў тэрыторыі працягнуліся ад поўначы Перу да рэгіёну Camanti на ўсход ад Cuzco да джунгляў Балівіі.
Спачатку даследчык выбраў рэгіён La Convención – Quillabamba, a потым перабраўся ў Quincemil, які знаходзіўся ў дэпартаменце Cuzco. Тут ён пусціў свае карані, бо акрамя разнастайнай і надзвычай багатай флоры і фауны, стварыў сям’ю разам з Марыяй Віламонтэ (Mariа Villamonte), з якой меў ажно 14 дзетак (паводле іншай крыніцы – 18).
Ян Каліноўскі на прыканцы жыцця
Каб перасылаць сваe калекцыі, якія акрамя Браніцкіх, высылаў таксама ў Вялікабрытанію і ЗША (галоўным чынам, у Музей натуральнай гісторыі ў Вашынгтоне), Каліноўскі быў вымушаны конна перадольваць Анды і пустыні, каб трапіць у адпаведны порт на ціхаакіянскім узбярэжжы Перу.
Паводле прыблізных аценак, сабраў прыкладна 500 відаў толькі птушак. Прычым у яго гонар названы не толькі трупіял Каліноўскага, але таксама цінаму Kalinowski's Tinamou (Nothoprocta kalinowskii) і мясцовыя звяры: хамячок Каліноўскага Kalinowski's Oldfield Mouse (Thomasomys kalinowskii), агуці (Dasyprocta kalinowskii), мышыны апосум (Hyladelphys kalinowskii) ды іншыя віды.
Са смерцю Хуана Каліноўскага ў 1941 годзе ў перуанскай Cadena, на шчасце, не заканчваецца гісторыя вывучэння і аховы прыроды Перу, звязаная з Каліноўскімі.
Адзін з сыноў Яна – Цэлесціна (Celestino), дзякуючы дапамозе бацьку пад час супольных экспедыцый, стаў сапраўдным падарожнікам і арнітолагам, адным з заснавальнікаў знакамітага нацыянальнага парку Ману (Manu) ў даліне аднайменнай ракі ў басейне Амазонкі. Пасля шматлікіх шматгадовых просьбаў і абаснаванняў Цэлесціна Каліноўскага, нацыянальны парк быў створаны ў 1973 годзе, ў 1977 годзе ён быў прызнаны біясферным рэзерватам, а ў 1987 (ужо пасля смерці Цэлесціна) атрымаў статус Сусветнай прыроднай спадчыны.
Паводле www.lima.msz.gov.pl , www.bienvenidaperu.com , www.perutravelnow.com , www.hbw.com , www.avibase.bsc-eoc.org , www.wikipedia.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by Здымкі трупіяла Каліноўскага - аўтараБольш здымкаў тут: http://birdwatch.by/gallery/harrier/%D0%BF%D1%82%D1%83%D1%88%D0%BA%D1%96-%D0%BF%D0%B5%D1%80%D1%83-birds-peru-15
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
Yavorets T - 02.01.2014 - 00:45
Вельмі цікавая інфармацыя і
Вельмі цікавая інфармацыя і здымкі прыгожыя атрымаліся. Прачыталася з задавальненнем. Вялікі дзякуй.
Harrier - 02.01.2014 - 01:32
In reply to Вельмі цікавая інфармацыя і by Yavorets T
Дзякуй за добрыя словы!
Дзякуй за добрыя словы! Можна было некаторыя факты і больш падрабязна апісаць. Але калі і такі варыянт цікава чытаецца, то застаўлю так, як ёсць.
Sirena - 10.01.2014 - 19:34
Рэпартаж і вынікі
Рэпартаж і вынікі расследвання паходжання назвы птушкі ўражваюць. Дзякуй вялікі за цікавы матэрыял!
Harrier - 10.01.2014 - 20:37
In reply to Рэпартаж і вынікі by Sirena
Дзякуй - мне вельмі прыемна,
Дзякуй - мне вельмі прыемна, што спадабалася.