Новы від папугая апісаны ў Мексіцы

Часам абагульненне ўжо вядомай інфармацыі дае магчымасць не толькі падвесці ўмоўную рысу пад ужо вядомым, але і зрабіць нечаканае адкрыццё. Так атрымалася ў гэты раз, калі Мігель Гомэз Гарза (Miguel Gómez Garza) пад час сваёй апошняй экспедыцыі на паўвостраў Юкатан пад час збору інфармацыі для сваёй кнігі “Папугаі Мексікі”, здалёк пачуў невядомы яму голас ад групы амазонаў.

Каб мець магчымасць вызначыць тых, каго ён пачуў, Мігель схаваўся пад дрэвам, на якім было шмат спелых пладоў, з надзеяй, што праз нейкі час папугаі вярнуцца туды. І чаканне больш чым апраўдалася! Калі з паўтузіна птушак прыляцелі ласавацца на дрэва, арнітолаг адзначыў іх чырвоныя “твары” і яркія блакітныя плямкі на махавых. Гэтыя рысы выключалі прыналежнасць папугаяў да двух падобных відаў, якія распаўсюджаны на Юкатане, але маюць белыя “твары”.

“Я не мог паверыць” – сказаў Гомэз Гарза. “Невядомы мне голас належаў невядомаму віду папугаяў”. Штодня Мігель працуе ва Autonomous University of Nuevo León у Monterrey (Мексіка).

І вось цяпер новы від фармальна апісаны для навукі і атрымаў назву блакітнакрылы амазон blue-winged Amazon parrot (Amazona gomezgarzai). Навуковая назва аб’яднала ў адно слова падвойнае прозьвішча першаадкрыўцы.

Як аказалася, адзін з крыкаў, які выдае новаапісаны від, гучыць падобна да голасу драпежнай птушкі – арнітолагі лічаць, што гэта выдатная імітацыя крыку прыроднага ворага. Пакуль не зразумела, якім чынам папугаі выкарыстоўваюць падобныя крыкі, але, магчыма, што з іх дапамогай птушкі могуць адпужваць іншыя віды з пладовых дрэваў і такім чынам змяншаюць харчовую канкурэнцыю.

Пасля свайго адкрыцця, Гомэз Гарза атрымаў дазвол уладаў адлавіць для больш дэталёвага вывучэння самца і самку новага віду. Пасля стандартных прамераў і параўнання ДНК з блізкімі відамі папугаяў, калегі даследчыка: Тоні Сільва (Tony Silva) з універсітэту Фларыды (ЗША) і Павел Мацкевіч (Pawel Mackiewicz) з універсітэту Вроцлава (Польшча) апублікавалі супольную з ім работу ў часопісе PeerJ. У ёй сцвярджаецца, што новаапісаны від аддзяліўся ад таксама распаўсюджанага ў рэгіёне белалобага амазона (Amazona albifrons) параўнальна вельмі нядаўна - прыкладна 120 тысяч гадоў таму.

“Я веру, што наш выпадак – унікальны ў сучаснай гісторыі, бо фармальнае навуковае апісанне было зроблена без таго, каб забіць і закалекціраваць птушак” – сказаў Мігель. Таксама ён звярнуў увагу на тое, што навукоўцы ўжо рыхтуюць план па ахове віда. Па іх ацэнках, на сённяшні дзень можна казаць пра існаванне ў прыродзе прыкладна толькі 100 асобін блакітнакрылых амазонаў, што робіць яго захаванне галоўным прыярытэтам як мінімум бліжэй будучыні.

Папугаі як група птушак цяпер найбольш страдаюць ад знішчэння прыродных экасістэм. Міжнародны нелегальны гандаль імі ў апошнія гады стаў менш маштабным, чым яшчэ колькі год таму, аднак усё яшчэ пагражае існаванню як мінімум некаторых відаў. Таму прыцягненне ўвагі да праблем папугаяў ва ўсім Свеце можа дапамагчы захаваць іх у прыродзе.

 

Паводле www.theguardian.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Генетыкі адкрылі новы від папугая, які знаходзіцца на мяжы знікнення

Дзякуючы цікавасці да аднаго рэдкага віду птушак у Перу атрымалася знайсці іншы, новы для навукі

У Гімалаях апісаны адразу два новыя віды птушак і чакаецца апісанне трэцяга

Новы від цвыркуна апісаны ў Кітаі

Самы маленькі ў Свеце папугай быў упершыню засняты ў прыродзе

Упершыню за сто год адзначаны жывы аўстралійскі начны папугай + VIDEO

Гігант моды дапаможа захаваць папугаяў

Смогут ли попугаи освоить природу Беларуси?

Пераацэнка колькасці і статусу птушак на Зямлі: цяпер BirdLife прызнае 11.167 відаў, што на 742 больш, чым у 2014