Афарбоўка лaпасцей ветраной турбіны можа зменшыць смяротнасць птушак на ёй на 70%

Нават такое простае дзеянне, як афарбоўка лапасцей ветраной турбіны, можа значна зменшыць смяротнасць на ёй птушак. Згодна з вынікамі шматгадовага даследавання, праведзенага камандай навукоўцаў на нарвескм архіпелазе Smøla, змена колеру толькі адной лопасці з трох з белага на чорны ў выніку зменшыла выпадкі гібелі птушак на такім электрычным ветраку на 70%!

Колькасць і магутнасць ветракоў для выпрацоўкі электраэнергіі ў апошнія дзесяцігоддзі расце імклівымі тэмпамі. Прычым калі ветраныя турбіны размешчаны ў адпаведным месцы, кошт прадукавання імі электраэнэргіі меншы, чым тая, якую атрымалі дзякуючы спальванню выкапневага паліва. Аднак асноўная праблема ‘ветраных фермаў’ акрамя таго, што яны амаль незваротна псуюць выгляд прыродных ландшафтаў у тым, што на іх гінуць птушкі і кажаны. Паводле ацэнак US Fish and Wildlife Service, на ветраных турбінах загінула прыкладна 300 тысяч птушак толькі ў 2015 годзе. Але гэтыя лічбы паступова змяншаюцца па меры таго, як індустрыя замяняе меншыя ветракі на большыя, у якіх лопасці круцяцца больш павольна.

Папярэднія даследаванні ў лабараторных умовах паказалі, што птушкі ў палёце не вельмі добра бачаць белыя лопасці калі тыя хутка круцяцца і таму сутыкненні з імі заканчваюцца фатальна для птушак. Каб праверыць ці сапраўды змена колеру лапасцей дапаможа птушкам лепш бачыць іх і ў выніку пазбягаць сутыкненняў, вырашылі на адной з фермаў ветракоў на архіпелаге Smøla у Нарвегіі.

Гэты архіпелаг знаходзіцца ля ўзбярэжжа цэнтральнай часткі краіны і складаецца з аднаго вялікага і прыкладна 5,5 тысяч значна меншых і зусім невялікіх астраўкоў. Рэгулярныя праверкі 4 абраных ветракоў (вышынёй 70 м з лопасцямі 40 м даўжынёй), якія праводзіліся ў 2006-13 гг, далі магчымасць знайсці рэшткі 6 арланаў-белахвостаў (Haliaetus albicilla), якія загінулі ад сутыкнення з лопасцямі. Агулам жа на гэтых ветраках за гэты час загінулі 18 птушак і сярод іх 5 пардваў (Lagopus lagopus), якія хутчэй стал ахвярамі сутыкненняў з асновай ветрака, а не з яго лопасцямі. Пад 4 іншымі ветракамі на той жа ферме, якія былі абраныя ў якасці кантрольнай групы, за той жа прамежак часу загінула 6 птушак і ніводнай пардвы.

У 2013 годзе на кожным з 4 ветракоў з першай групы адна з лапасцей была перафарбаваная ў чорны колер. На працягу наступных 3 гадоў назіранняў ад сутыкненняў з іх лапасцямі загінулі толькі 6 птушак. Тады як пад кантрольнай групай ветракоў загінулі за той жа час 18 птушак, што на 71,9% больш ў пераліку на сярэднюю штогадовую смяротнасць.

Каб сапраўды пацвердзіць падобную эфектыўнасць такіх простых і параўнальна недарагіх зменаў на ветраках для змяншэння смяротнасці на іх птушак, аўтары даследавання рэкамендуюць правесці больш маштабныя эксперыменты ў іншых месцах.

Крыніца: Roel May et al. 2020 Paint it black: Efficacy of increased wind turbine rotor blade visibility to reduce avian fatalities, Ecology and Evolution. https://doi.org/10.1002/ece3.6592

Паводле www.arstechnica.com (тэкст і здымак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Перамога арлоў і арланаў: суд у ЗША адмяніў “правіла 30 гадоў”

Першы абвінаваўчы прысуд супраць фермы ветракоў

На вятраках гіне ўсё больш птушак і кажаноў

Значная перамога на карысць птушак

Ветраныя турбіны маюць кепскі для прыроды колер?

Створана сістэма, якая будзе ратаваць арлоў ад сутыкненняў з ветракамі

Гусі здольныя аблятаць ветраныя электрастанцыі