Прыквел і частка І, частка ІІ, частка ІІІ, частка IV, частка V, частка VI і частка VII, частка VIII і частка ІХ.
Дакументацыйныя здымкі
Прайшоў роўна тыдзень з маёй нечаканай сустрэчы з сям’ёй шэрых курапатак (Perdix perdix) на ‘тым беразе’. Пачынаўся восеньскі вечар, я вяртаўся дадому з непрацяглай фотасесіі ў скверыку на супрацьлеглым беразе ракі. I ўжо прайшоў будынак абласной інспекцыі па ахове прыроды, якая месціцца на беразе Нёмана ў былым інтэрнаце рачнога порта, як заўважыў зверху, што да яго паралельна да ракі прасоўваюцца адна за адной курапаткі!
Я стаў на дарозе і стаў назіраць, што будзе далей. Адразу за будынкам інспекцыі абгарожана металічнай сеткай невялікая пляцоўка, прыкладна 15 х 6 метраў. На ёй коратка пастрыжаны газон, пасажана некалькі маладых дрэваў, а з боку, з якога набліжаліся курапаткі, стаіць драўляная бяседка і вось толькі ў гэтым куце пляцоўкі засталася высокая трава. Недзе ў гэтым месцы, якое выдатна хавалася ў расліннасці, адна за адной птушкі і пралезлі на пляцоўку. Як хутка аказалася – усе восем. Прайшло няшмат часу, курапаткі нешта падзюбалі ўнутры на газоне, але нават я бачыў, што там ім няма чаго есці і ім захацелася вылезьці адтуль. І тут пачалася сапраўдная паніка!
Курапаткі спачатку роўненька радочкам бегалі ўздоўж агароджы адна за адной, потым маленькімі групкамі і нават самастойна і час ад часу ў розных месцах спрабавалі праціснуцца праз агароджу на волю. Але пралазіла толькі галава і шыя, а ўжо цела – не. Час ішоў, ад пачатку панікі прайшло ўжо каля 10 хвілін, а птушкі ўсё бегалі і спрабавалі вызваліцца без поспеху і я зразумеў, што ім яўна патрэбна дапамога.
У падобнай установе заўсёды ёсць пастаянны дзяжурны і я пайшоў да дзвярэй інспекцыі, каб распавесці яму пра праблему, прапанаваць адкрыць браму з супрацьлеглага боку і або выгнаць курапатак праз яе, або яны б былі вымушаны пераляцець праз сетку. І як раз, як я ўжо хацеў званіць у дзверы, на стаянку побач з будынкам пад’ехаў іх джып, поўны людзей у камуфляжы – інспектары яўна вярнуліся з рэйду. Я падышоў да машыны і першаму, хто адкрыў дзверы, сказаў пра курапатак у пастцы за будынкам. Ён абяцаў дапамагчы і я той самай дарогай пайшоў назад, дадому.
І калі пляцоўка за будынкам стала бачная, з радасным здзіўленнем убачыў, што курапаткі ўжо самастойна выбраліся на волю – яўна знайшлі тую дзірку ў агароджы, праз якую і трапілі туды і спакойна харчуюцца сярод травы зусім недалёка з ёй, але ўжо з 'правільнага боку':
Так атрымалася, што гэта была і мая апошняя сустрэча з курапаткамі ў мінулым годзе.
Гродна, 16-10-2022
Аўтар – Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ