З-за харчавання нашай ежай дарвінаўскія уюркі могуць знікнуць?

Да нечаканых высноваў прыйшлі арнітолагі на Галапагосах: мясцовыя эндэмічныя ўюркі, якія харчуюцца рэшткамі з нашага стала, могуць з-за гэтага знікнуць як віды! Наколькі рэальная гэта пагроза для гэтых і іншых відаў птушак, навукоўцы разбіраліся на адным з астравоў архіпелагу.

Уявіце, што Вы толькі прыбылі на востраў Santa Cruz на Галапагосах. Паветра навокал нагрэлася пад 40°C, а паездка на архіпелаг была доўгай – прыйшлося пераадолець прыкладна 900 км з эквадорскага ўзбярэжжа. Вам хочацца пад’есці і выпіць нечага халоднага. Няма праблемы – навокал, у горадзе Puerto Ayora, дзе пастаянна жывуць 12 тысяч жыхароў і куды наведваюцца штогод больш 200 тысяч турыстаў, шмат рэстаранаў на любы густ. Аднак не паспелі прынесці Вам нешта гарачае і смачнае, як побач з’явілася невялікая цёмная птушка. Гэта малы наземны “дарвінаўскі” ўюрок (Geospiza fuliginosa), і ён гатовы даесці Вашу бульбу.

Гэта не павінна здзіўляць. Многія віды птушак прыстасавіліся карыстацца з нашай ежы або яе рэштак. Не сталі выключэннем і знакамітыя галапагоскія ўюркі – з-за таго, што колькасць насельніцтва і турыстаў на архіпелагу павялічылася з 1960-х вельмі хутка, птушкам прадставілася шмат магчымасцяў скарыстацца з гэтага. Аднак у адрозненне ад іншых відаў, якія часта карыстаюцца з рэштак нашай ежы (напрыклад, крумкачоў ці дамовых вераб’ёў), якія сталі паўнавартаснымі відамі параўнальна даўно, з дарвінаўскімі ўюркамі ўсё больш складана.

Многія іх віды “усё яшчэ знаходзяцца ў стане адасаблення і ўтварэння асобных відаў” – сказаў Луіс Дэ Леон (Luis De León), эвалюцыйны эколаг з універсітэту штата Масачусетс у Бостане (ЗША). Некаторыя віды ўсё яшчэ не толькі могуць скрыжоўвацца паміж сабой, але і мець гібрыднае патомства, здольнае да размнажэння. Што прымушае розныя віды трымацца па-асобку? Гэта спецыялізацыя ў рознай ежы”. І калі неабходнасці ў ёй не будзе, то праз нейкі час могуць пачацца сур’ёзныя эвалюцыйныя наступствы.

Дэ Леон даследуе тры мясцовыя віды наземных ўюркоў: малога, сярэдняга і вялікага (Geospiza fuliginosa, G.fortis і G.magnirostris), якія адпаведна харчуюцца мяккай ежай невялікіх памераў, сярэдніх памераў і параўнальна вялікім і цвёрдым насеннем. Дзюбы гэтых птушак формай і памерамі прыстасаваныя менавіта да спажывання рознай ежы. Каб лепш зразумець ролю, якую мела розная ежа на фармаванне і адасабленне розных відаў уюркоў, Луіс пачаў серыю эксперментаў. Адзін з галоўных чыннікаў, якія пачаў правяраць эколаг, стала ўздзеянне нашай ежы на птушак.

птушкі

Умоўна названае “cafeteria experiments”, даследаванне прапаноўвала ў кардонных пакунках з-пад курыных яек розныя тыпы ежы: насенне рознага памеру і тыпаў, гатаваны рыс, бульбяныя чыпсы, печыва. Аднолькавыя сталоўкі з гэтай ежай былі расстаўлены ў розных месцах острава з рознай ступенню даступнасці птушак да рэштак ежы чалавека. Найбольш змененае асяроддзе было ў Puerto Ayora, найменш змененае – у 7 км ад горада.

Атрымалася, што ў найменш змененым чалавекам месцы ўсе ўюркі ігнаравалі нашу ежу, тады як у Puerto Ayora птушкі цалкам ігнаравалі насенне і выбіралі толькі ежу чалавека. Не менш важным было тое, што розныя віды ўюркоў ў горадзе выбіралі аднолькавыя рэшткі нашай ежы: “У іх было 100% перакрыванне ў складзе ежы” – сказаў Дэ Леон. І калі падобныя паводзіны будуць працягвацца параўнальна працяглы час, і адрозненні ў спажыванай ежы больш не будуць адным з бар’ераў для скрыжоўвання ўюркоў, то вельмі магчыма, што тры гэтыя віды зной стануць адным відам.

Іншы эвалюцыйны эколаг, Дж. Альберт Уй (J. Albert Uy) з універсітэту Майамі, растлумачыў як гэта можа адбыцца:  “Менавіта цяпер уюркі розных відаў яшчэ не скрыжоўваюцца адзін з адным і выбіраюць для гэтага партнёраў, чый знешні выгляд адпавядае іх віду. Напрыклад, большыя памерамі птушкі з большымі дзюбамі выбіраюць падобных сабе. Аднак калі для спажывання ежы вялікіх адрозненняў у форме дзюбы больш не спатрэбіцца – а гэта рэальна для таго, каб карыстацца рэшткамі нашай ежы, -адбор больш не будзе падтрымліваць адрозненні ў форме і памеры дзюбы і адасабленне паміж відамі не будзе такім выразным. Калі ж пачнецца массавае міжвідавое скрыжоўванне, межы паміж відамі будуць канчаткова страчаны”.

птушка

Гэтая сумная магчымасць для любых відаў, тым больш – для дарвінавых уюркоў, якія ў многіх падручніках па эвалюцыі служаць прыкладам таго, як дзякуючы назапашванні адрозненняў адбываецца ўтварэнне новых відаў. “Цяпер тое, што адбываецца на нашых вачах на працягу апошніх дзецігоддзяў – можа прывесці да знікнення відаў з-за таго, што людзі спрашчаюць прыроднае асяроддзе пад свае патрэбы” – сказаў Уй.

Дэ Леон плануе сваімі даследаваннямі прыцягнуць увагу да такой нечаканай магчымасці знікнення эндэмічных відаў, якія маюць невялікі арэал і дзеляць яго сімпатрычна з блізкімі сабе відамі.  

Паводле www.pbs.org (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

 

 

На гэтую тэму:

Як навукоўцы сталі сведкамі ўзнікнення новага віду “дарвінаўскага” ўюрка

Сталоўкі для птушак змяняюць даўжыню дзюбы ў вялікіх сініц

Матэматычная мадэль паказала небяспекі нашага дадатковага харчавання для птушак

Дзякуючы птушыным сталоўкам птушкі могуць хутка распаўсюджваць свае хваробы

Будучыня белых буслоў – наша смецце?

Белыя буслы: звалкі лепш, чым доўгія пералёты

Поспех чаек - смецце

Дадатковае харчаванне для птушак можа змяншаць іх поспех гнездавання

Карміць птушак ці не?

Дадатковае зімовае харчаванне змяніла месцы зімоўкі лесак-чарнагаловак