Колькасць і яе трэнды для самых рэдкіх на гнездаванні відаў птушак Польшчы

барадатая кугакаўка

У навуковым арніталагічным часопісе Ornis Polonica з’явілася падсумаванне ўлікаў і ацэнак колькасці для 32 відаў і 2 падвідаў птушак, рэдкіх на гнездаванні ў Польшчы, за 2020 год. Акрамя колькасці, Картатэка рэдкіх птушак (Kartoteka Rzadkich Ptaków), апісвае таксама размяшчэнне прадстаўнікоў гэтых таксонаў і вызначае, калі гэта магчыма, трэнды колькасці ў параўнанні з мінулымі гадамі.

Рэкордная колькасць адзначана на гнездаванні ў краіне для лебедзя-клікуна (Cygnus сygnus) – 226 пар, інвазійнага інтрадуцэнта – нільскай гусі (Alopochen aegyptiaca) – 32 пары, вялікай белай чаплі ((Egretta) Ardea alba) – 689 пар, барадатай кугакаўкі (Strix nebulosа) – 16 пар і сокала-падарожніка (Falco peregrinus) – 56 пар.

У параўнанні з мінулымі гадамі таксама павялічылася колькасць чырвонаносага нырка (Netta rufina) – 47 пар, інтрадуцэнта – качкі-мандарынкі (Aix galericulata) – 88 пар і чаплі-кваквы (Nycticorax nycticorax) – 1274 пары.

Негатыўны трэнд, або змяншэнне колькасці, працягвалася ў вялікага кулёна (Numenius arquata) (176 пар), дубальта (Gallinago media) (450 самцоў), вялікага зуйка (Charadrius hiaticula) (217 пар), чорнагаловай чайкі ((Larus) Ichthyaetus melanocephalus) (53 пары), скапы (Pandion haliaaetus) (25 паp), арла-вужаеда (Circaetus gallicus) (4 пары), сіняга сіваграка (Coracias garrulus) (16 паp) i сценалаза (Tichodroma muraria) (min. 1 пара).

Гнездавыя папуляцыі белавокага нырка (Aythya nyroca) (121 пара), вялікага арляца ((Aquila) Clanga clanga) (14, у тым ліку 5 ‘чыстых’, без гібрыдаў з малым арляцом, пар), арла-маркута (Aquila chrysaetos) (34 пары) i вяртлявай чаротаўкі (Acrocephalus paludicola) (3 786 самцоў) утрымалі сваю колькасць на тым самым узроўні.

Флуктуацыі або нявызначаныя трэнды колькасці былі знойдзены для пярэстай качкі (Tadorna tadorna) (115 паp), крыўка (Haematopus ostralegus) (36 паp), жоўтагаловай пліскі (Motacilla citreola) (39 паp па-за далінай р.Бебжа), а таксама для іншых відаў і падвідаў, колькасць якіх на гнездаванні не дасягнула 10 пар: інтрадукаванай канадскай казаркі (Branta сanadensis) (1 пара), хадулачніка (Himantopus himantopus) (3 пары), шыладзюбкі (Recurvirostra avosetta) (7 паp), чубатай крычкі (Thalasseus sandvicensis) (2 паpы), балотнай савы (Asio flammeus) (1 пара), ‘стэповага’ падвіда вялікага грычуна (Lanius excubitor homeyeri) (5 паp), чорнай вароны (Corvus corone) (7 паp), зялёнай пячураўкі (Phylloscopus trochiloides) (3 паpы) i ‘тундравага’ падвіду жоўтай пліскі (M. flava thunbergi) (3 паpы).

Не былі адзначаны на гнездаванні інтрадуцэнт - папугай Крамера (Psittacula krameri) i дрозд-белабровік (Turdus iliacus).

Паводле Ornis Polonica падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак барадатай кугакаўкі Аляксандра Пекача

 

 

На гэтую тэму:

Спіс арнітафауны Польшчы афіцыйна павялічыўся на 5 відаў

Садовая чаротаўка – новы гняздуючы від для Польшчы

Выйшла кніга “Rzadkie ptaki Polski” – кампедыюм назіранняў рэдкіх відаў у суседзяў

Шыладзюбкі ў Польшчы: агляд рэгістрацый і гнездавання

У Польшчы стала на адзін гняздуючы від больш