У Мінску адзначаны новы для Беларусі від, які атрымалася вызначыць дзякуючы запісу голасу птушкі - пячураўка Х’юма

Пячураўка Х’юма (Phylloscopus humei), якая павінна была ляцець на зімоўку ў Індыю, па невядомых прычынах у пятніцу, 24 лістапада, аказалася ў пойме Свіслачы ў заснежаным Мінску. Гэта новы від для арнітафауны Беларусі, які аказалася не так лёгка правільна вызначыць.

Справа ў тым, што акрамя відавочнай цяжкасці з візуальным вызначэннем у палявых умовах такой рухлівай і невялікай птушкі, Сафія Памялёнак, якая яе першай адзначыла ... увогуле не бачыла хто гэта мог бы быць! Яе ўвагу прыцягнуў незнаёмы птушыны голас, які яна змагла запісаць і праграма BirdNET прапанавала дзіўнаваты для лістападаўскай Беларусі варыянт - зялёную пячураўку. Дзякуючы таму, што Іна Субоціна выклала запіс голаса ў групе Клуба200, Юры Шашэнька і Дзяніс Кіцель, дасведчаныя беларускія бёрдэры, незалежна адзін ад аднаго вызначылі птушку да віду. А ўжо ў суботу дзесяткі аматараў назіранняў птушак з розных частак краіны змаглі не толькі ўбачыць пячураўку, але і зрабіць яе першыя здымкі.

Сафія Памялёнак распавяла пра абставіны свайго адкрыцця і звязаныя з ім эмоцыі для сайту “Птушкі штодня”:

Птушкаваннем я займаюся троху менш, чым два з паловай гады. У назіраннях птушак я знайшла нейкі супакой у душы, дапамагае вельмі лёгка пераключацца і спраўляцца са стрэсамі. Так яно для мяне і застаецца, гэта для мяне не спорт, хаця ў Беларусі зараз у мяне 221 від.

Учора я пайшла ў Лог толькі з-за сонейка, зімой з ім цяжка, таму вельмі стараюся лавіць, калі ёсць такая магчымасць. Насамрэч і голас мяне не ўзбударажыў, адмеціла канешне, што гучыць так, быццам ніколі яго не чула, але доўга не чакала, птушка не паказвалася і я пайшла далей.

Было пачуццё, што гэта мог быць лайфер, але ён быццам не мае вагі, калі я добра не магу паглядзець яго і атрымаць рэальную асалоду ад назірання. Але запісала голас, канешне, здавалася, што я можа проста туплю і не магу пазнаць нешта звычайнае. Карацей, у маім выпадку гэта проста ўдача)

Клуб200, канешне, дапамог, і Інна Субоціна вельмі дапамагла, таму што я чалавек не сказаць, што баязлівы, але мне было б рэальна цяжка пісаць розным малазнаёмым людзям асабіста і нешта пытаць, асабліва таму, што я не адношу сябе да тых людзей, якія нешта новае знаходзяць. Юры Шашэнька з Дзянісам Кіцелем увогуле для мяне страшна крутыя, таму б я і пасаромілася пісаць ім асабіста)

Я і зараз лічу, што пячураўку я не знайшла, так як я і не шукала, мы проста сустрэліся) Адчувала, што пытаю нейкую недарэчнасць спачатку. А потым, калі прачытала адказы, проста ватнымі нагамі доўга хадзіла па кватэры і амаль усю ноч не спала, так сэрца калацілася. Яно ўсё яшчэ калоціцца.

Памятаю, як яшчэ год таму напісала сяброўцы за мяжой, якая расказывала, што вось у яе як у дарослай няма ні працы, ні хаты, ні машыны, а я пажартавала, што затое ў гэтых пасьпяховых дарослых няма пячураўкі Х’юма, якую яна тады ўбачыла) Таму асабліва гэты від хоць і ў жарт, але быццам марка поспеху для мяне.

---------------------------------------------------

Пячураўка Х’юма (для якой яшчэ няма агульнапрынятай беларускай назвы) - даволі падобная на іншы ўсходні і блізкі від - пячураўку-зарнічку (Ph. inornatus). Аднак яна - у адрозненне ад зарнічкі - мае цёмна афарбаваныя ногі і паддзюб’е, толькі адну светлую палоску на складзеным крыле і амаль незаўважную кароткую другую, а таксама менш выразную агульную афарбоўку, хутчэй за ўсё таму і атрымала адпаведную расейскую назву «тусклая зарничка».

Гэта адзін з найменшых памерамі видаў пячуравак, даволі звычайны ў горных лясах да вышыні каля 3500 метраў над узроўнем мора і гняздуе ад Каракарума і Гіндукуша на ўсходзе і поўначы да Цянь-Шаня ў Кітае і Алтайскіх гор у Манголіі. Як і ўсе іншыя пячураўкі, харчуюцца дробнымі безхрыбетнымі, гняздуюць на зямлі.

map

Мапа гнездавога арэалу двух падвідаў пячураўкі Х’юма. Падрабязнасці ў тэксце. Паводле www.commons.wikimedia.org

Вылучаюць два цалкам алапатрычных (з арэаламі, якія не перакрываюцца) падвіды: mandellii (пячураўка Мандэла або усходняя пячураўка Х’юма), які часам лічаць асобным відам, а таксама намінатыўны падвід, які называюць заходняй пячураўкай Х’юма (гл. мапу вышэй). Абодва падвіды ляцяць над Гімалаямі на зімоўку ў Індыю і прылеглыя рэгіёны.

У параўнальна невялікай колькасці пячураўка Х’юма залятае пад час восеньскай міграцыі ў розныя краіны Заходняй і Цэнтральнай Еўропы. У Вялікабрытаніі адзначана не толькі ўвосень пад час міграцыі, але і на зімоўцы, а некаторыя нават летам.

Гэтай восенню, акрамя Беларусі, від у Еўропе быў адзначаны ў Румыніі і Польшчы, і для апошняй гэта была 11-я рэгістрацыя для краіны. Прычым у Польшчы першая рэгістрацыя адбылася ў 1975 годзе і назіранні віда адбываліся ўвосень або ў пачатку зімы. У Літве пячураўка Х’юма адзначалася 5 разоў, першы -  у 1998 годзе, апошні - у 2012 годзе, усе разы - увосень.

Калі Беларуская арніта-фауністычная камісія (БАФК), якая адказвае за ўвядзенне ў навуковы зварот звестак пра новых і рэдкіх для краіны відаў птушак, зацвердзіць гэтае назіранне, пячураўка Х’юма можа стаць 343-м відам для нашай краіны.

Для “Птушкі штодня” падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Выкарыстаны дадзеныя з кніг:

Jusys et al. 2017 NAUJI IR RETI PAUKŠČIAI LIETUVOJE

Stawarczyk et al. 2017 "Rzadkie ptaki Polski"

Здымак Аляксандра Вінчэўскага

 

 

На гэтую тэму:

У Спісе птушак Беларусі афіцыйна стала 342 віды: пратакол паседжання БАФК ад 22.12.2022 + абноўлены спіс відаў БАФК

Новы для Беларусі від птушак, арлан-даўгахвост, адзначаны пад Мінскам!

Сіняхвостка – доўгачаканы новы від птушак, адзначаны для Беларусі

Трэці сёлета новы для Беларусі від птушак, таўстадзюбая пячураўка, адлоўлены на поўначы краіны

Дэлавэрскую чайку, новы від для Беларусі і Украіны, ‘бачылі’ у нас толькі спадарожнікі

Арол-шуляк: адкладзеная сенсацыя пра залёт новага для Беларусі віда птушак

Изменения в орнитофауне Беларуси за 2000-2016 годы