Так атрымалася, што з мінулага году я месяцы тры не бачыў сваіх знаёмых шэрых курапатак (Perdix perdix). Я думаў, што яны засталіся на тым беразе Нёмана, дзе я амаль не хадзіў і таму шанец сутрэчы з імі быў вельмі малы. Але ў сярэдзіне студзеня сустрэча ў тым жа складзе ўсё ж адбылася: 4 самцы і 4 самкі хутка адрывалі зялёныя лісцікі травы непасрэдна пад старым мастом і на схілах каля яго. Але па-першае, у мяне не было з сабой камеры, а па другое, птушкі былі на ‘маім’ беразе ракі! Таму я стаў сумнявацца, што мінулай восенню я бачыў там менавіта курапатак адсюль. Але Нёман тут не шырэй за 100 метраў і пераляцець яго пры неабходнасці птушкі ўсё ж маглі і туды, і назад. Таму гэтая загадка застаецца без разгадкі.
І вось новая сустрэча, як часта бывае з курапатамі, зусім нечаканая. Быў чарговы бясснежны, але марозны надвячорак. Было бясхмурна і марозік памалу ўзмацняўся разам з рыцемкамі. Мы з сабачкам павярнулі дадому і калі праходзілі каля былога лужка курапатак, дзе часта сустракалі іх у мінулым годзе, нешта на пагорку ў яго пачатку змянілася. На скошаным лужку, прычым на адлегласці ад 6 да 12 мераў ад шырокага ходніка, сядзелі курапаткі! Іх дакладна там не было яшчэ 5 хвілін таму, калі мы тым самым маршрутам праходзілі тут у ‘той’ бок – і вось яны ўжо тут!
Хаця расліннасць і была скошана яшчэ ўвосень, аднак некаторыя купіны травы троху адраслі і птушкі, якія сядзелі ў рознага памеру і складу групках, выглядалі шэрымі плямамі і зусім не кідаліся ў вочы. Яны амаль прыціскаліся адна да адной, стараліся не рухацца – як і самка-адзінец, якая сядзела паміж двума групкамі з 5 і пары курапатак. Хутка атрымалася праверыць дасканаласць іх камуфляжу: па ходніку, з якога да курапатак было яшчэ бліжэй, чым ад мяне, у абодва бакі хадзілі людзі і амаль з тузіна пешаходаў заўважыла птушак толькі пара сталага веку. І тое не ўся пара, а спадар, які прыпыніўся і амаль хвіліну паказваў на іх рукой сваёй партнёрцы, а тая ўсё ніяк не магла іх убачыць.
Гродна, 03-02-2023
Аўтар – Дзьмітры Вінчэўскі
Працяг гисторыі ТУТ
Мінулагоднія гісторыі гэтай жа (?) сям’і курапатак тут:
Прыквел і частка І, частка ІІ, частка ІІІ, частка IV, частка V, частка VI, частка VII, частка VIII, частка ІХ і Заканчэнне.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ