Крумкачовыя птушкі не аказваюць значнага ўплыву на папуляцыі іншых птушак

Кантроль колькасці драпежнікаў часта тлумачыцца неабходнасцю павялічыць поспех размнажэння і павелічэннем шчыльнасці папуляцыі відаў-патэнцыйных ахвяраў як для палявання, так, часам, і для аховы рэдкіх ці знікаючых відаў.

Гэтая шырокараспаўсюджаная практыка засноўваецца на дапушчэнні, што драпежнікі могуць быць лімітуючым, ці абмежавальным фактарам для папуляцый іх ахвяр. І калі мы 'кантралюем' (фактычна змяншаем) колькасць драпежнікаў, мы тым самым павялічваем папуляцыі іх ахвяраў. Аднак негледзячы на папулярнасць падобных метадаў, іх эфектыўнасць  ставіцца навукоўцамі пад сумнеў.

Уздзеянне кантролю драпежнікаў на папуляцыі ахвяр можа ўскладняцца кампенсаторным драпежніцтвам - калі зніклы драпежнік замяшчаецца іншым, або т.зв. меза-драпежніцтвам (meso-predator), калі знікненне аднаго драпежніка замяшчаецца павялічанай колькасцю іншага драпежнага віда. Акрамя гэтага, мэты і задачы кантролю драпежнікаў могуць залежаць ад задач кіравання папуляцыямі. Напрыклад, паляўнічыя хочуць мець найбольшую шчыльнасць паляўнічых відаў у пачатку паляўнічага сезону, тады як прыродаахоўныя мэты – мець найбольшую шчыльнасць менавіта той часткі папуляцыі, якая прыступае да размнажэння.

Кантроль драпежнікаў можа мець значны ўплыў на адзін з гэтых параметраў, але не на іншы. Тым больш знішчэнне драпежнікаў – кантраверсійны метад, часта не прымаецца грамадзкасцю, займае параўнальна шмат часу, цяжка ажыццявіць яго фізічна, ён каштоўны і можа мець толькі кароткачасовыя вынікі. З-за гэтага, звычайна маючы абмежаваныя рэсурсы для дасягнення паляўнічых або прыродаахоўных мэтаў варта быць упэўненымі, што запланаванае можа быць эфектыўна дасягнутае дзякуючы ім.

Крумкачовыя птушкі часта лічацца эфектыўнымі драпежнікамі, здольнымі кантраляваць папуляцыі сваіх ахвяр. Аднак негледзячы на гэта, адсутнічае рэпрэзентатыўны агляд дадзеных, каб пацвердзіць такія сцверджанні. Гішпанскія даследчыкі прааналізавалі апублікаваныя дадзеныя па ўздзеянню шэрай і чорнай варон, крумкача і сарокі на папуляцыйныя параметры папуляцый іншых відаў птушак. Усяго для агляду выкарысталі 42 работы з 326 дакладнымі ацэнкамі ўзаемасувязяў паміж крумкачовымі і патэнцыйнымі іх ахвярамі-птушкамі.

Папуляцыйныя параметры былі аб’яднаныя ў групы, звязаныя з колькаснымі паказчыкамі (колькасць асобін, шчыльнасць гнездавання) ці з прадуктыўнасцю размнажэння (поспех гнездавання, памер вывадка). Разглядаліся як эксперыментальныя работы па кантролю драпежнікаў, так і назіранні, зробленыя ў прыродных умовах.

Калі аб’яднаць дадзеныя ўсіх работ, не было знойдзена негатыўнага ўздзеяння крумкачовых ні на колькасць, ні на прадуктыўнасць іх патэнцыйных відаў-ахвяр у 81% выпадкаў. У тых выпадках, калі адмоўны ўплыў усё ж быў знойдзены, ён тычыўся нашмат часцей паказчыкаў прадуктыўнасці размнажэння, чым колькасці (46% vs. 10%).

Тыя эксперыментальныя работы, у якіх забівалі толькі крумкачовых, паказвалі пазітыўны эфект на папуляцыі ахвяраў значна радзей, чым тыя, дзе стараліся забіць усіх магчымых драпежнікаў на абмежаванай тэрыторыі ўвогуле (16% vs. 60%). Гэта можа сведчыць пра тое, што або узровень драпежніцтва крумкачовых значана меншы за іншых драпежнікаў, або што кампенсаторнае драпежніцтва значна змяншае патэнцыйную карысць для відаў-ахвяр.

Цікава, што ўплыў крумкачовых на іншыя групы птушак (курыных, кулікоў і вераб’іных) быў падобны. У той жа час вароны патэнцыйна былі больш небяспечныя для іншых відаў птушак, чым сарокі (62% vs. 12%), аднак ні вароны, ні сарокі не аказвалі заўважнага ўздзеяння на колькасць відаў-ахвяр.

Атрыманыя дзякуючы агляду дадзеныя сведчаць пра тое, што ў большасці выпадкаў папуляцыі іншых відаў птушак не могуць быць абмежаваныя драпежніцтвам крумкачовых і дасягненне ахоўных мэтаў наўрацці можа быць дасягнутае (толькі) кантролем колькасці гэтай групы птушак.

Крыніца:

Christine F. Madden, Beatriz Arroyo, Arjun Amar (2015) A review of the impacts of corvids on bird productivity and abundance. Ibis Vol. 157 – 1,  Р. 1–16 DOI: 10.1111/ibi.12223

Паводле www.onlinelibrary.wiley.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак крумкачоў Мікалая Вераб’я

 

 

На гэтую тэму:

Крумкач куліку вока не выдзяўбе

Негняздуючыя крумкачы жывуць дынамічным сацыяльным жыццём

Крумкачы паспяхова выкарыстоўваюць змененае чалавекам асяроддзе

Бажаны і канюхі – новыя дадзеныя ўздзеяння

Драпежныя птушкі ні пры чым

Клеткі дапамагаюць птушкам нават на волі