Сутыкненні птушак з шыбамі застаюцца адной з галоўных прычын іх смяротнасці па ўсяму Свету, звязанай з дзейнасцю чалавека. У прыродзе няма вертыкальных паверхнасцяў, якія б былі празрыстымі або адлюстроўвалі наваколле і таму птушкі іх не заўважаюць і разбіваюцца. Лакальныя даследаванні ўзроўняў такой смяротнасці паказваюць, што актыўнасць розных відаў-падальшчыкаў можа значна змяняць агульную карціну гібелі птушак, з-за таго, што іх трупы знікаюць яшчэ да правядзення ўлікаў.
Даследаванні праводзіліся на кампусе Беластоцкага ўніверсітэту (Польшча) паміж кастрычнікам 2021 і траўнем 2023 г.. Перад тым, як пачаць іх, у ліпені-кастрычніку 2019 г. там былі адзначаны 103 выпадкі сутыкненняў птушак з шыбамі пад час 96 улікаў на тэрыторыі ўсяго кампуса. Прычым найбольш трагічных выпадкаў было адзначана пад будынкамі двух факультэтаў, якія і абралі для далейшых назіранняў, у тым ліку і з выкарыстаннем фоталавушак для вызначэння драпежнікаў і часу, праз які яны знойдуць і з’ядуць мёртвых птушак.
Усяго ж пад час правядзення 162 улікаў было знойдзена 147 мёртвых птушак. Фоталавушкі паказалі, што інтэрвал часу ад падзення птушкі пасля сутыкнення з шыбай да моманту, калі яе знойдзе і з’есць або перацягне ў іншае месца нехта з падальшчыкаў, займае ад 1.2 да 209.1 гадзін, а ў сярэднім ён складае 45.7 ± 45.4 гадзін. Тым не менш, з актуальнай колькасці трупаў птушак, яны знікаюць на 50%, 66.7% і 76.7% адпаведна на працягу 24, 48 і 72 гадзін пасля з’яўлення пад шыбамі, а ў лічбах гэта 1.0, 2.0, і 3.3 птушкі.
Дзякуючы фоталавушкам былі вызначаныя 6 відаў драпежнікаў-падальшчыкаў, якія карысталіся з трупаў птушак, якія загінулі ад сутыкненняў з шыбамі. Каменная куніца (Martes foina) была найбольш частым карыстальнікам падалі (43.3%), затым амаль у два разы радзей адзначаўся канюх-мышалоў (Buteo buteo; 23.3%) і значна радзей сарока (Pica pica; 10.0%), свойскі кот (Felis catus; 8.3%), белагруды вожык (Erinaceus roumanicus; 5.0%), і ліса (Vulpes vulpes; 3.3%). Актыўнасць падальшчыкаў значна вар’іравала, але птушкі былі найбольш актыўнымі з самага ранку і ўвечары, а звяры ўначы.
Час, праз які драпежнікі знаходзілі здабычу ў выглядзе мёртвых птушак, залежаў не толькі ад віда драпежніка, але таксама ад месца, дзе птушка разбілася аб шыбу, умоваў надвор’я і ад яе даступнасці. Аднак месцы з большай актыўнасцю падальшчыкаў не заўсёды характарызаваліся больш хуткай знаходкай трупаў і гэта сведчыць пра больш складаны механізм пошуку ежы ў розных відаў.
Крыніца: Deoniziak K., Winiewicz A., Nartowicz M., Mierzejewska W., Zyśk-Gorczyńska E. (2026). They come from dusk till dawn: scavenger activity and carcass removal in an urban environment with high bird-glass collision rates. European J of Wildlife Research 72:40. https://doi.org/10.1007/s10344-026-02077-9
Паводле https://link.springer.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак сіняй сініцы яго ж
На гэтую тэму:
Новыя будынкі ў Вялікабрытаніі стануць бяспечнымі для дзікіх птушак і іншых жывёл
Новае шкло можа зменшыць на мільярды смяротныя сутыкненні птушак з вокнамі толькі ў Злучаных Штатах
Новы закон ператворыць амерыканскія будынкі ў бяспечныя для птушак
Полтора миллиона птиц ежегодно разбиваются в Беларуси о стекла
Смяротнасць птушак на польскіх дарогах: колькі, дзе і калі?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ