Зімоўка лебедзей-шыпуноў (у тым ліку з Беларусі) у г.Каліш (Польшча)

 З 1 снежня 2012 па 17 лютага 2013 на р.Просьне (Prośnie) і Бернардынскім канале (Kanale Bernardyńskim) у г.Каліш (Kalisz) (Вялікапольскае ваяводзтва) каманда Паўднёвавялікапольскай групы OTOP назірала за зімоўкай лебедзяў-шыпуноў (Cygnus olor): падлічвала, кальцавала і “чытала кольцы”.  

Усяго атрымалася закальцаваць 23 лебедзяў і яшчэ для 29 прачытаць серыі і нумары іх калец. Сярод гэтай апошняй групы былі 2 птушкі з Беларусі і адна з Даніі. 

Зімоўка лебедзей у Калішы – адна з найвялікшых у Вялікапольшчы. У 1990-я гады тут часта трымалася больш за 100 птушак – часам нават 150. Аднак сёлетняй зімой іх не трымалася больш 80. 

Гэтае месца зімоўкі лебедзяў вядомае як мінімум з 1985 г. і з таго часу кантралюецца іх колькасць, узрост і кольцы. З пачатку гэтым займаўся Уладзімеж Каня (Włodzimierz Kaniа), а з 1993 г. – аўтар артыкулу. Дзякуючы дапамозе калег і калежанак з нашай рэгіянальнай групы ОТОП (Południowowielkopolskiej Grupy Ogólnopolskiego Towarzystwa Ochrony Ptaków (партнёра BirdLife International у Польшчы), з 1995 г. да канца зімы 2011-12 гг. атрымалася пазначыць тут 126 лебедзяў, у тым ліку 2 птушкі морфы immutabilis. Акрамя нас, тут таксама інтэнсіўна кальцавалі гэтых птушак і іншыя арнітолагі, - напрыклад, Павел Кеншыцкі (Paweł Kęszycki з PwG OTOP).

Акрамя рэгулярнага кальцавання ў Калішы, апошнія гады мы стараемся кальцаваць лебедзяў таксама ў суседнім Астроўскім павеце – вакол гораду Ostrów Wielkopolski. Дзякуючы гэтаму ўсё большая доля лебедзяў, якія зімуюць у Калішы, маюць кольцы. Таму, напрыклад, 15 снежня 2012 з 66 шыпуноў у Калішы 22 мелі кольцы, з іх атрымалася прачытаць 21 (адно з калец было такім старым, што прачытаць на ім надпіс было немагчыма): 18 птушак былі пазначаны ў Польшчы (амаль усе мясцовыя), 2 – у Беларусі і адна – ў Даніі. 

Лебедзі з замежнымі кольцамі вельмі рэдка зімуюць у Калішы (што, ў прынцыпе, пацверджвае вядомы фенамен невялікіх сучасных перамяшчэнняў віду). У 1985-2013 гг (разам з 3 вышэй апісанымі) было толькі 8: 3 з Даніі (кальцо Copenhagen), 2 з Беларусі, па адным з Аўстрыі (Radolfzell), усходняй Германіі (DDR, Hiddensee) i Славеніі (Ljublana) (P.T. Dolata, W. Kania i P. Kęszycki, неапубл. дадзеныя). 

Сёлетні госць з Даніі назіраўся на р.Просна толькі 15 i 16-12-2012 (P.T. Dolata, Z. Jendrysiak), а потым – пасля перапынку – 26-01-2013 (Z. Jendrysiak). Птушка была акальцаваная 22-07-2010 г. як самец другога календарнага году жыцця на месцы масавай лінькі віду ў мясцовасці Roedsand на востраве Lolland, - гэта каля 530 км ад Каліша. 

За тое абодва лебедзя з Беларусі назіраліся на зімоўцы ў Калішы шмат разоў у перыяд ад 15-12-2012 да 17-02-2013 (P.T. Dolata, J. Jendras, W. Kania, R. Markowski). Яны атрымалі свае кольцы з рук Івана Багдановіча - галоўнага беларускага спецыяліста па лебедзях – калі зімавалі на рацэ Мухавец у Брэсце: адзін 18-01-2011, а другі – 30-01-2012 (каля 365 км на усход ад Каліша). Абодва былі вызначаныя тады Іванам як непаловаспелыя самцы. Маем надзею, што беларускія лебедзі-шыпуны паслужаць добрай нагодай для ўсталявання супрацы паміж рэгіянальнымі групамі ПТОП і АПБ!  

Большасць шыпуноў з кольцамі – ажно 19 птушак, якіх мы адзначылі гэтай зімой у Калішы, былі пазначаныя тут раней. Сярод іх найцікаўшыя назіранні – гэта дзве самкі, якія ў лютым 2013 былі як мінімум у 15 і 16 календарным годзе жыцця. 

Дзякуючы сапраўднай камандзе ў складзе Joanna Dziedziak, Beata i Justyna Jendras, Zbigniew Jendrysiak, Włodzimierz Kania, Wojciech Kaźmierczak, Łukasz Kozica, Rafał Markowski, Tomasz Pietrzak i Wojciech Szukalski, атрымалася злапаць і закальцаваць (акрамя металічнага, таксама жоўтым пластыкавым кальцом) яшчэ 22 шыпуны на зімоўцы. Дадатковым тром злапаным птушкам з кольцамі (у тым ліку адной з Беларусі) былі ўзятыя мазкі, дзякуючы якім у Дзяржаўным ветэрынарным інстытуце ў Puławach змогуць пацвердзіць адсутнасць у іх віруса птушынага грыпу. 

 

З 1985 году ў Калішы былі адзначаныя толькі 3 выпадкі зімоўкі іншага віду лебедзяў – клікуна (Cygnus cygnus) (Wilżak T. i in. 2004. Ptaki doliny Prosny. Wielkopolskie Prace Ornitologiczne 10; P.T. Dolata, J. Jendras, Wł. Kania, T. Pietrzak - неапубл. дадзеныя). Мінулай зімой атрымалася ўпершыню злапаць і пазначыць тут нашыйнікам дарослага клікуна: www.pwg.otop.org.pl/index.php?function=show_all&no=524   Акрамя лебедзяў, на вадатоках Каліша зімуюць галоўным чынам качкі-крыжанкі (Anas platyrhynchos), - у сярэдзіне студзеня 2009 у горадзе было налічана ажно 3900 птушак гэтага віду. Ў невялікай колькасці, але рэгулярна, таксама зімуюць у нас малая коўра (Tachybaptus ruficollis), лыска (Fulica atra) i вялікі савук (Mergus merganser), а нерэгулярна -  некаторыя іншыя віды качак. Акрамя гэтага, сёлета ў Калішы зімавалі мандарынка (Aix galericulata) i чаротніцы (Gallinula chloropus).  

 

Paweł T. Dolata (Południowowielkopolska Grupa OTOP: www.pwg.otop.org.pl) для www.birdwatch.by

Фота аўтара

На гэтую тэму:

Што такое “польская морфа” ў лебедзя-шыпуна?

Новы партнёр – новае шчасце?

 “Развод” па-лебедзінаму

Comments

 А вось і навіна “з апошняй хвіліны” на гэтую ж тэму:

 самец лебедзя-шыпуна 3-га каляндарнага году, злапаны і акальцаваны Іванам Багдановічам на вдсх Крыніца ў Мінску ўзімку 2009 г. быў сфатаграфаваны Mats’ам Wallin’ам на в-вэ Эланд (Швецыя) у Балтыйскім моры ў лютым 2013 прыкладна ў 750 км ад месца кальцавання!

 

Дзякую Hokan’у Ortman’у за здымак калегі і інфармацыю са Швецыі і Таццяне Яўгеньеўне Паўлюшчык за неафіцыйную інфармацыю пра месца і дату кальцавання шыпуна.