З-за недахопу безхрыбетных у харчаванні вялікія сініцы ў гарадах менш яркія, чым у лясах

вялікая сініца

Вялікія сініцы (Parus major) даўно сталі аднымі з самых звычайных насельнікаў нашых гарадоў. Аднак нядаўняе даследаванне паказала, што гарадзкія сініцы могуць больш ці менш значна адрознівацца афарбоўкай ніза цела ад птушак таго ж віду, якія жывуць побач у лясах.

Каманда даследчыкаў з універсітэту Лунда (Швецыя) і універсітэту Глазго (Шатландыя) на працягу гнездавых сезонаў у 2014-15 гг. адлавіла агулам 208 дарослых вялікіх сініц у 5 розных месцах па ўсёй Еўропе, прычым у кожным з гэтых месцаў птушкі адлаўліваліся у горадзе і блізкім лесе ў аднолькавай колькасці. Пасля для кожнага з месцаў параўновывалі ступень насычанасці жоўтага ў пёрах сініц паміж птушкамі з горада і з лесу.

Для кожнага з месцаў аказалася, што гарадзкія сініцы маюць заўважна святлейшы жоўты ніз цела ў параўнанні з ляснымі, прычым за знойдзенае адрозненне адказвае хутчэй за ўсё розніца ў складзе харчавання птушак.

Колер апярэння адыгрывае вялікую ролю ў жыцці птушак і можа ўздзейнічаць на выбар партнёра, у стварэнні адпаведнага камуфляжа ці адпужванні драпежніка. І такім чынам вызначаць шанцы асобіны на выжыванне і поспех размнажэння.

У сініц жоўты колер апярэння ўтвараецца дзякуючы пігментам караціноідам, якія бяруцца з ежы. Для сініц гэта насякомыя, якія ў сваю чаргу ‘атрымліваюць’ карціноіды з раслін, якія з’ядаюць самі. Атрымліваецца, што гарадзкія сініцы не могуць атрымаць столькі ж караціноідаў з ежы, як іх таваркі з лесу і вельмі магчыма, што і менш, чым неабходна для здаровага ладу жыцця. Справа тут яшчэ ў тым, што караціноіды – гэта добрыя анціаксіданты, якія дапамагаюць клеткам і адпаведна тканкам змяншаць таксічныя эфекты абмену рэчываў і негатыўнае ўздзеянне забруджвання навакольнага асяроддзя.

Pablo Salmón, які праводзіў даследаванне з афілітацыяй універсітэту Глазго, сказаў: "Святлейшая афарбоўка апярэння гарадзкіх вялікіх сініц дэманструе парушэнні ў харчовых ланцугах птушак у гарадах, аднак іх ступень неаднолькавая ў параўнанні з лясамі ў розных месцах Еўропы”. Нечакана аказалася, што розніца ў афарбоўцы апярэння паміж гарадзкімі і ляснымі сініцамі значна адрозніваецца ў розных частках Еўропы. Так, у Лісабоне (Партугалія) яна была вельмі выразнай і найбольшай, а ў Мальмё (Швецыя) амаль незаўважнай і найменшай.

Hannah Watson, біёлаг у універсітэту Лунда і сааўтарка артыкула па выніках даследавання, сказала: "Наша работа сведчыць, што птушкі ў гарадах не харчуюцца адпаведным чынам. Гэта можа дапамагчы нам зразумець як лепш стварыць гарадзкое асяроддзе больш устойлівым да негатыўных зменаў і больш карысным для біяразнастайнасці. Высадка і захаванне большай колькасці абарыгенных відаў дрэваў і іншай расліннасці дапаможа, між іншым, вераб’іным забяспечыць багатую насякомымі і павукамі дыету і дарослым птушкам, і іх птушанятам”.

Крыніца: Pablo Salmón et al, Urbanisation impacts plumage colouration in a songbird across Europe: Evidence from a correlational, experimental and metaanalytical approach, Journal of Animal Ecology (2023). DOI: 10.1111/1365-2656.13982

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак яго ж

 

На гэтую тэму:

Недахоп насякомых у гарадах змяншае поспех размнажэння птушак

Гарадзкія і негарадзкія вялікія сініцы адрозніваюцца генетычна

Маладым птушкам найцяжэй выжыць у горадзе?

Камуфляж неабходны для выжывання наземнагняздуючых птушак

Афарбоўка птушынага апярэння- загадка разгадана канчаткова?

Белыя шчокі азначаюць здаровую сініцу

Яркія самцы больш сэксуальныя, аднак яны горш лятаюць