Сенсацыйнае адкрыццё: птушкі могуць камунікаваць падобна да людзей

японская сініца

У нашай мове камбінацыя і парадак словаў дапамагаюць дакладна акрэсліць той сэнс, які мы хацім перадаць іншым. Аказалася, што ў як мінімум у аднаго віду птушак для важнай камунікацыі выкарыстоўваецца падобны механізм!

Мова чалавека можа адлюстроўваць неабмежаваную колькасць розных сэнсаў у асноўным дзякуючы амаль неабмежаванай колькасці камбінацый, у якіх могуць знаходзіцца адно адносна іншых розныя словы. Гэтая магчымасць называецца кампазіцыйны сінтаксіс (compositional syntax). Хаця вакалізацыя іншых відаў жывёл таксама можа ўключаць мноства розных элементаў, да гэтага часу заставалася невядомым, ці яны таксама могуць выкарыстоўваць кампазіцыйны сінтаксіс каб перадаваць розныя сэнсы тымі ж самымі гукамі ці фразамі. 

Міжнародная каманда даследчыкаў пад кіраўніцтвам д-ра Тошытакі Судзукі (Dr. Toshitaka Suzuki) вырашыла праверыць “мову” японскіх сініц (Parus minor).

“Нашае даследаванне паказала, што ўпершыню птушкі – як і людзі – выкарыстоўваюць правілы сінтаксісу каб перамаўляцца з іншымі. Гэтая знаходка паказвае нечаканы ўзровень семантычнай складанасці ў вакальнай камунікацыі птушак” – сказаў д-р Судзукі.

Птушкі выдаюць розныя гукі, каб паведаміць іншым пра крыніцу ежы, прыцягнуць увагу партнёра ці папярэдзіць пра небяспеку побач. Аднак ці можна з дакладнасцю зразумець, пра што яны паведамляюць суседзям?

Д-р Судзукі і яго калегі заўважылі, што мясцовыя японскія шэрыя сініцы выкарыстоўваюць не толькі розныя гукі, але і розныя камбінацыі гэтых гукаў у залежнасці ад кантэксту і вырашылі праверыць ці як у людзей розныя камбінацыі пазывак сініц могуць несці розны сэнс паведамленняў.

Для гэтага пазыўкі-гукі разбілі на 4 тыпы гукаў-фраз: A, B, C і D. Прычым фразы A, B, C звычайна камбінаваліся паміж сабой, напрыклад, маглі гучаць AB, BC або ABC. А фразы D гучалі асобна, але паўтараліся ад 7 да 10 разоў у адным “выказванні”, напрыклад як DDDDDDD. 

Каб зразумець сэнс асобных фразаў і іх камбінацый, даследчыкі правяралі як птушкі рэагуюць на іх прайграванне. Аказалася, што пазыўка ABC заклікала да праверкі мясцовасці на прадмет драпежніка ці іншай небяспекі, а пазыўка з фразаў D заклікала падляцець да крыніцы гуку каб пад’есці – бо знойдзена ежа, ці далучацца да партнёра на гняздзе.

Тады навукоўцы вырашылі праверыць, ці будзе складаная фраза-сказ ABC-D мець комплекснае дзеянне – так і атрымалася, і сініцы спачатку правяралі небяспекі навокал, а потым ляцелі да крыніцы гуку.

Аднак птушкі маглі дзейнічаць на часткі сказу як на асобныя фразы. Таму даследчыкі памянялі паслядоўнасць фразаў на D-ABC, і толькі ў невялікай колькасці выпадкаў некаторыя сініцы або правяралі небяспекі, або падляталі да калонкі.

тлумачальны малюнак з дзеяннямі сініц і фразамі

Малюнак з газэты "Mirror"

"Такім чынам атрымалася паказаць, што японскія сініцы выкарыстоўваюць кампазіцыйны сінтаксіс, пры якім розныя сэнсы камбінуюцца ў новы сэнс” – сказаў д-р Судзукі.

Дагэтуль не было знойдзена, што самі сініцы спяваюць фразы ў паслядоўнасці D-ABC. Некаторыя з іх могуць неяк рэагаваць на такія сказы таму, што яны атыповыя і проста  гучаць нязвыкла.

"Нашы даследаванні паказалі, што птушыныя пазыўкі і песні могуць перадаваць і несці больш складаную інфармацыю, чым лічылася дагэтуль” – сказаў д-р Судзукі, падсумоўваючы.  

Паводле www.csmonitor.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Крыніца:

Toshitaka N. Suzuki, David WheatcroftMichael Griesser (2016) Experimental evidence for compositional syntax in bird calls. Nature Communications 7, Article number: 10986 doi:10.1038/ncomms10986 Published 08 March 2016

 

Здымак з www.unravel-photo.blogspot.com

 

 

На гэтую тэму:

ДЛЯ КАГО КРЫЧАЦЬ ПТУШКІ? ДЖАЗ БЕРАСЦЯНАК

У птушак апісаны разнастайныя крыкі трывогі

”Гарадзкія” і “сельскія” птушкі могуць не пазнаваць адны адных

ЧОРНЫЯ ДРАЗДЫ ПАДВЫШАЮЦЬ ГУК

ПЕР’Е-СКРЫПКА 

Здольнасці папугаяў да імітацыі дапамагаюць ім усталёўваць індывідуальны кантакт

ЧАМУ ЕЎРАПЕЙСКІЯ ПТУШКІ СПЯВАЮЦЬ НА ЗІМОЎЦЫ Ў АФРЫЦЫ?