Дэталёвае анатамічнае і гісталагічнае даследаванне асаблівасцяў будовы мозгу грыфа-індзейкі (Cathartes aura), праведзенае камандай вучоных з ЗША і Канады, паказала, што гэты від мае самы вялікі з вядомых нам сярод сучасных птушак аддзел мозгу, які адказвае за аналіз пахаў. Гэты аддзел называецца ольфакторнай цыбулінай (olfactory bulbs), і разам з іншымі прыстасаваннямі да спецыфічнага ладу жыцця грыфаў, дапамагае знаходзіць свежую падаль з вялікай адлегласці - нават калі яна схаваная пад покрывам лесу.
Каб параўнаць памер і асаблівасці ўнутранай будовы ольфакторнай цыбуліны грыфаў-індзеек з іншымі відамі птушак з падобным ладам жыцця, былі выбраны чорныя грыфы (Coragyps atratus). Гэта сімпатрычны від (які жыве на тых жа тэрыторыях), аднак памер яго аналагічнага аддзелу мозга аказаўся меншым у чатыры разы, прычым і шчыльнасць размяшчэння мітральных клетак там таксама аказалася значна меншай. Мітральныя клеткі – гэта нейроны, якія атрымліваюць інфармацыю ад пахавых рэцэптараў і перадаюць яе далей, для апрацоўкі іншымі клеткамі мозгу. Пахавыя рэцэптары знаходзяцца ў назальнай поласці грыфаў.
Так выглядае мозг чорнага грыфа (a) і грыфа-індзейкі (b). Стрэлкі паказваюць ольфакторныя цыбуліны (olifactory bulb (OB) і аптычныя долі (TeO) у кожнага з відаў.
Цікава, што негледзячы на значна большыя фізічныя памеры ольфакторных цыбулін у грыфаў-індзеек, іх мозг на 20% меншы за мозг чорных грыфаў.
“Нават у абсалютных памерах, грыфы-індзейкі маюць самыя вялікія ольфакторныя цыбуліны сярод усіх відаў, для якіх мы праводзілі падобныя прамеры” – сказаў праф. Эндру Іванюк (Andrew Iwaniuk) з універсітэту Lethbridge (Канада). У калекцыі музея ўніверсітэту прыкладна 550 прэпаратаў мозга 165 відаў птушак. “Калі параўнаць ольфакторную цыбуліну грыфа-індзейкі з рэштай яго галаўнога мозгу, яна неверагодна вялікая”.
У камбінацыі з параўнальна вялікай назальнай поласцю, гэтыя структуры ўтвараюць вельмі адчувальную для пахаў сістэму. Хутчэй за ўсё, менавіта здольнасць адчуваць нават вельмі слабыя пахі, змагла дапамагчы грыфам-індзейкам каланізаваць тыя тэрыторыі, якія іншыя віды грыфаў і кондараў Новага Свету не змаглі – напрыклад, умеранныя і трапічныя лясы з густым покрывам.
“Назіранні за гэтым відам у прыродзе даўно сведчылі пра тое, што ў гэтых грыфаў вельмі тонкае адчуванне пахаў” – сказаў Гэры Грэйвс (Gary Graves), сааўтар публікацыі і арнітолаг з Музея натуральнай гісторыі Сміфсанаўскага ўніверсітэту (ЗША). “Цяпер упершыню анатамічныя доказы пацверджваюць гэты факт, і хутчэй за ўсё грыфы-індзейкі маюць самую адчувальную ольфакторную сістэму сярод сучасных птушак, якіх больш за 11 тысяч відаў”.
Мазгі грыфаў, якія былі выкарыстаныя ў гэтым даследаванні, былі закалекціраваны ў 2012 годзе ў штаце Тэннэсі (ЗША). Каб падлічыць колькасць (і шчыльнасць) мітральных клетак, ольфакторныя цыбуліны былі разрэзаныя на пласцінкі-прэпараты таўшчынёй у 1 мм.
“З-за велічыні ольфакторнай цыбуліны, агульная колькасць мітральных клетак у грыфа-індзейкі нашмат большая, чым у некаторых звяроў. Гэта здзіўляе, бо звычайна мы не звязваем тонкае адчуванне пахаў з птушкамі” – сказаў праф. Іванюк. Пасля падлікаў атрымалася, што ў грыфаў-індзеек у тры разы больш мітральных клетак, чым, напрыклад, у трусоў ці пацукоў.
“Мітральныя клеткі адказваюць за катэгарызацыю інфармацыі ў адпаведнасці з малекуламі пахаў і пераносам яе ў аддзелы, дзе яна суадносіцца з ужо вядомымі раней і асэнсоўваецца іх магчымая прыналежнасць да пэўных пахаў”.
“Мы не ведам дакладна, якая сумесь пахаў падымаецца ў паветра ад трупа. Розныя пахі могуць быць ад гніючай скуры, мышц, тлушчу ці сухажылляў” – сказаў Грэйвс.
Грыфы лунаюць у розных кірунках і вынюхваюць знаёмыя ім пахі, якія па павелічэнню іх канцэнтрацыі “прыводзяць” птушак да трупаў нават дробных жывёл, скрытых ад зроку у лесе.
Грыфы-індзейкі і чорныя грыфы адносяцца да групы грыфаў Новага Свету і звычайна аб’ядноўваюцца ў сямейства Cathartidae, якое таксама ўключае кондараў: каліфарнійскага, андскага і каралеўскага з Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыкі. Каб знайсці сабе ежу, -таксама падаль, усе гэтыя віды карыстаюцца выключна або пераважна зрокам.
Грыфы-індзейкі разам з двума іншымі відамі: малым і вялікім жоўтагаловым грыфамі адносіцца да аднаго роду Cathartes і ўсе яны шукаюць падаль з дапамогай пахаў.
Ці сапраўды грыфы-індзейкі маюць найбольшы параўнальны памер ольфакторнага аддзелу мозгу, чым тыя віды акіянічных птушак, якія знаходзяць ежу і шлях з дапамогай пахаў, - напрыклад, альбатросы ці качуркі, застаецца неправераным і задачай наступных даследаванняў.
Крыніца:
Nathan P. Grigg, Justin M. Krilow, Cristian Gutierrez-Ibanez, Douglas R. Wylie, Gary R. Graves & Andrew N. Iwaniuk Anatomical evidence for scent guided foraging in the turkey vulture; Scientific Reports 7, 2017, doi:10.1038/s41598-017-17794-0)
Паводле www.insider.si.edu (тэкст і здымак мозгу птушак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Верхні здымак грыфа-індзейкі яго ж
На гэтую тэму:
Чаму грыфы не хварэюць, харчуючыся падаллю?
Грыфы і кондары могуць змяняць стыль лунання ў кепскае надвор’е
Чубатыя асаеды знаходзяць ежу і па яе паху + VIDEO
Самыя вялікія птушкі на Зямлі былі начнымі і, магчыма… сляпымі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ