У значна мадэрнізаваных вёсках знаходзіць месцы для гнездавання на палову менш птушак

Папулярная ў апошнія некалькі гадоў ў Польшчы мадэрнізацыя будынкаў у сельскай мясцовасці, якая ўключае ў сябе, між іншым, ацяпленне сценаў жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў спецыяльнымі матэрыяламі, як аказалася, мае і плючы, і мінусы. Асноўны плюс - эканомія энергі на іх ацяпленне. Дзякуючы нядаўна апублікаванаму даследаванню арнітолагаў, сабраныя доказы і пра мінусы. Адзін з іх – значнае змяншэнне колькасці птушак, якія могуць сабе знайсці месца для гнездавання ў змененых ці новых будынках.

У гнездавы сезон 2017 года каманда даследчыкаў з універсітэту імя Адама Міцкевіча ў Познані (Польшча) і Сельскагаспадарчага ўніверсітэту ва Упсале (SLU) (Швецыя), праводзілі ўлікі птушак у вёсках са шчыльна размешчанымі адзін да аднаго будынкамі, вакол якіх галоўным чынам знаходзіліся палеткі, пашы і лугі. Методыка даследаванняў дазволіла аддзяліць наступствы мадэрнізацыі будынкаў у такіх вёсках ад наступстваў інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі. Для гэтага навукоўцы звярталі ўвагу ці ў месцы даследавання знаходзіцца фермерская гаспадарка, ці участак выкарыстоўваюць толькі для жытла, ці будынкі на ім новыя ці старыя, мадэрнізаваныя ці не.

Даследчыкі падлічвалі і вызначалі відавую прыналежнасць птушак у цэнтральных частках вёсак на плошчы ў 6 га ў кожным з больш 100 населеных пунктаў. Усе адзначаныя там віды былі, па магчымасці, аб’яднаныя ў 2 групы. У першую групу тых, якія для гнездавання выкарыстоўваюць будынкі (два віды вераб’ёў, шпакі і іншыя), трапіла 13 відаў агульнай колькасцю амаль 10 тысяч асобін. У другую групу аднеслі віды, якія гняздуюць на дрэвах (сініцы, кольчатыя туркаўкі, зелянушкі і гд) – такіх атрымалася амаль 2,5 тысячы асобін 30 відаў.

"Пасля даследаванняў у 104 вёсках Вялікапольскага ваяводзтва мы знайшлі, што мадэрнізацыя вёсак – павелічэнне долі новых і адрамантаваных будынкаў, якая праводзяцца згодна з палітыкай ЕЗ па паляпшэнню якасці жыцця на вёсках і змяншэнні эмісіі вуглекіслага газу ў жылым сектары, звязана са значным змяншэннем колькасці птушак, якія гняздуюць у вясковых будынках. Напрыклад, дамовага і палявога вераб’ёў, вясковых ластавак і іншых відаў” – сказала dr Zuzanna M. Rosin, галоўная аўтарка артыкулу па выніках даследавання.  

Мадэрнізацыя будынкаў значна не змяняла відавы склад птушак ні з першай, ні з другой групы. Аднак колькасць птушак відаў з групы, якія гняздуюць у будынках, зменшылася пасля рамонтаў і ацяплення значна – у сярэднім, на 50% там, дзе доля падобных і новых будынкаў у вёсках дасягала 80% ад усіх.

Крыніца:

Zuzanna M. Rosin et al. 2020  Reduced biodiversity in modernized villages: A conflict between sustainable development goals. J. of Applied Ecology First published: 22 January 2020 https://doi.org/10.1111/1365-2664.13566

Паводле www.naukawpolsce.pap.pl падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак вясковай ластаўкі – Сяргея Саковіча

 

 

На гэтую тэму:

Як і калі дамовыя вераб’і сталі жыць побач з чалавекам

Наш шум сур’ёзна перашкаджае птушкам чуць адна адну

Гарадзкія дамовыя вераб’і жывуць у большым стрэсе, чым сельскія

Птушкі ведаюць, з якой хуткасцю павінны ездзіць аўтамабілі