Сацыяльнае навучанне шырока распаўсюджана ў розных таксанамічных групах жывёл і птушкі тут, канешне, не выключэнне. Выдатна прадуманая серыя палявых эксперыментаў дапамагла паказаць, якім чынам і як хутка гэта адбываецца на прыкладзе двух відаў сініц і нясмачнай і неядомай для іх ежы.
Навукоўцы з універсітэту Оксфарда (Вялікабрытнія) праводзяць маштабныя даследаванні розных аспектаў паводзін і экалогіі вялікіх (Parus major) і сініх сініц (Cyanistes caeruleus) у лесе Madingley Wood, у графстве Cambridgeshire. З 2012 году ўсіх сініц абодвух відаў, якія там гняздуюць у 90 сінічніках, выводзяцца і зімуюць, ловяць, кальцуюць і пазначаюць спецыяльнымі чыпамі, дзякуючы якім магчыма індывідуальнае распазнанне птушак з дапамогай сканераў. Даследаванне аб здольнасці сацыяльнага навучання праводзілі ў 2018 годзе. У тым годзе з 45 сінічнікаў (21 сініх і 24 вялікіх сініц) паспяхова выляцелі 325 птушанят, усе яны былі закальцаваныя і атрымалі індывідуальныя чыпы. З-затаго, што летам на тэрыторыю даследаванняў прылятаюць і новыя групкі цініц, іх таксама стараліся адлавіць і адпаведна пазначыць і агулам да канца лета гэта атрымалася зрабіць для амаль 90% сініц у месцы правядзення будучых эксперыментаў.
У першай серыі эксперыментаў правяралі як хутка сініцы навучацца пазбягаць на птушыных сталоўках нясмачных для іх хлопьяў, якія былі спецыяльна афарбаваныя ў пары колераў (неядальныя- ядальныя): чырвоныя-зялёныя, блакітныя – пурпуровыя, жоўтыя – аранжавыя. Сканеры на ўсіх сталоўках счытвалі інфармацыю пра індывідуальных сініц, а навукоўцы адзанчалі іх выбар паміж парамі хлопьяў рознага колеру. Птушкі не толькі самі маглі выбіраць, што ім есці, а што – не, але і назіраць за выбарам іншых сініц. Усяго пад час эксперыменту сталоўкі наведала 191 сініца з чыпамі (79 сініх і 112 вялікіх), 75% з якіх былі маладыя птушкі гэтага каляндарнага году. На ўсіх сталоўках птушкі навучыліся не есці неядомыя хлопья на працягу 8 дзён, прычым не было знойдзена розніцы паміж сініцамі розных відаў, толькі ў маладых птушак гэты працэс праходзіў больш павольна і даўжэй за дарослых.
Вынікі пацвердзілі разлікі, атрыманыя ў тэарэтычнай матэматычнай мадэлі: сацыяльнае асяроддзе і абмен досведам дапамагаюць драпежнікам параўнальна хутка зразумець, што ярка афарбаваная здабыча, якая не хаваецца, хутчэй за ўсё неядомая для іх. Каб гэтыя веды хутка і шырока распаўсюдзіліся ў папуляцыях драпежнікаў, зусім не абавязкова, каб усе драпежнікі даведаліся пра гэта на ўласным досведзе. Тады і сапраўды, яркая, папярэджваючая афарбоўка становіцца эфектыўным сродкам абароны для яе ўладальніка.
Крыніца: Hämäläinen, L., Hoppitt, W., Rowland, H.M. et al. Social transmission in the wild can reduce predation pressure on novel prey signals. Nat Commun 12, 3978 (2021). https://doi.org/10.1038/s41467-021-24154-0
Паводле www.nature.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак сіняй сініцы на яблыку яго ж
На гэтую тэму:
Love over food - Неверагодна: птушкі выбіраюць каханне замест ежы
Хто каго выбірае ў вялікіх сініц і чаму?
КАНФАРМІЗМ І НОНКАНФАРМІЗМ У ПТУШАК НА ПРЫКЛАДЗЕ ВЯЛІКІХ СІНІЦ
ДАКАЗАНА: САМКІ ВЯЛІКІХ СІНІЦ МАЮЦЬ ЛЕПШУЮ ПАМЯЦЬ, ЧЫМ САМЦЫ
УСЕ СІНІЯ СІНІЦЫ Ў ШАТЛАНДЫІ КАРЫСТАЮЦЦА ЕЖАЙ НА ПТУШЫНЫХ СТАЛОЎКАХ?
Валасяніцы-белашыйкі, якія хутчэй вучацца, паўтараюць выбар іншых відаў з большай імавернасцю
Вялікія сініцы выгадавалі птушанят сініх сініц як сваіх
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ