Дзякуючы перагляду вынікаў класічнага эксперымента па ‘рэлакацыі’ і новым дадзеным, каманда даследчыкаў з Нідэрландзкага інстытуту экалогіі (NIOO-KNAW) і Швайцарскага арніталагічнага інстытуту (Vogelwarte Sempach) нарэшце вырашыла навуковую спрэчку, якая працягвалася не адно дзесяцігоддзе.
Пытанне пра тое, як птушкі выбіраюць свае міграцыйныя шляхі і месцы зімоўкі, цікавіла людзей стагоддзямі. Біёлаг Albert Perdeck з Нідэрландаў вырашыў праверыць гэта з дапамогай маштабных эксперыментаў, якія паўтараў некалькі разоў у 1940-60-я гады. Пад час іх ён адлаўліваў тысячы шпакоў (Sturnus vulgaris) і на самалёце перавозіў у Швайцарыю і Гішпанію, дзе выпускаў.
Усе птушкі былі акальцаваныя стандартнымі металічнымі кольцамі і паведамленні пра іх назіранні (ring recoveries) паказалі, што перавезеныя маладыя і дарослыя шпакі выкарыстоўвалі розныя стратэгіі, каб даляцець да месцаў зімовак на Брытанскіх астравах і ў Францыі.
"Дарослыя шпакі зразумелі, што былі перамешчаныя, і адпаведна змянілі кірунак міграцыі каб даляцець да сваіх папярэдніх месцаў зімоўкі. А маладыя птушкі працягвалі свой ранейшы палёт у паўднёва-заходнім кірунку і аказаліся ў ‘няправільных’ месцах - на поўдні Францыі і ў Гішпаніі” - сказаў Morrison Pot, адзін з даследчыкаў з NIOO-KNAW.
Каб лепш зразумець як шпакі знаходзяць свае месцы зімоўкі, тысячы шпакоў былі рэлакаваныя з восеньскіх прыпынкаў на ўзбярэжжы Паўночнага мора ў Нідэрландах ў Швайцарыю (чырвоным, 1948–1957) і Гішпанію (блакітным, 1959–1962). Мапа з Pot et al, 2024
На працягу многіх гадоў навукоўцы па-рознаму інтэпрэтавалі атрыманыя Perdeck’ам вынікі. Pot растлумачыў найбольш папулярную тэорыю так: "Шпакі - вельмі сацыяльныя птушкі, і некаторыя эксперты тлумачылі кірунак міграцыі маладых асобін тым, што яны далучаліся да мясцовых шпакоў і ляцелі туды ж, куды і апошнія. Такім чынам атрымлівалася, што месцы зімоўкі і шлях міграцыі да іх - вывучаныя паводзіны, а не ўсталяваныя генетычна.”
Каб пацвердзіць - або абвергнуць - гэтую гіпотэзу, даследчыкі не толькі яшчэ раз перагледзелі дадзеныя эксперымента Perdeck'а, якія захоўваюцца ў Dutch Center for Avian Migration and Demography, але і параўналі іх з дадзенымі па кірункам міграцыі і месцах зімоўкі шпакоў са Швайцарыі і Гішпаніі. Гэты масіў дадзеных не быў даступны ў часы Perdeck'а.
Пры параўнанні аказалася, што пралётныя шляхі маладых, перамешчаных на самалёце шпакоў, адрозніваліся ад мясцовых прадстаўнікоў віду. Такім чынам была абвергнута тэорыя пра ‘капіраванне’ міграцыйных паводзін і шляхоў пралёту на зімоўку іншых шпакоў і даказана альтэрнатыўная гіпотэза. Pot сфармуляваў яе так: "Шпакі незалежна адзін ад аднаго прымаюць рашэнні куды ім ляцець (на зімоўку) і гэтыя паводзіны не мяняюцца пад уздзеяннем іншых прадстаўнікоў віду”. Таму, хутчэй за ўсё, гэта генетычна замацаваныя паводзіны.
Акрамя гэтага нядаўна было паказана, што шпакі мігрыруюць уначы. Такім чынам, гэта стала яшчэ адным аргумэнтам на карысць генетычна запраграмаванай міграцыі віда, бо цяжка ўявіць як можна капіраваць палёт іншых асобін у цёмны час сутак.
Крыніца: Morrison T. Pot et al, Revisiting Perdeck's massive avian migration experiments debunks alternative social interpretations, Biology Letters (2024). DOI: 10.1098/rsbl.2024.0217
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
Пачатак вясны прыспешвае значна хутчэй, чым прыспешваюць сваё вяртанне шпакі
ШПАКІ У ГРУПЕ МОГУЦЬ ТРАЦІЦЬ НА 25% МЕНШ ЭНЕРГІІ, ЧЫМ КАЛІ ЛЯЦЯЦЬ САМАСТОЙНА
Чаму ў пералётных птушак самцы вяртаюцца вясной хутчэй за самак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ