Запрашаем у 17-ы раз глядзець за жыццём сокала-пустальгі ў Брэсце LIVE 24h

сокал-пустальга

Кожны сезон назіранняў за жыццём сокалаў он-лайн унікальны. Бо акрамя тых самых гнездавых ніш на шматпавярховіку, усе іншыя абставіны могуць мяняцца: сокалы ў парах могуць змяніць партнёра, або самец выбраць не адну самку, а самка – не аднаго самца; надвор’е і даступнасць здабычы, ад якіх залежыць фізіялагічны стан самак і колькасць сфармаваных для адкладкі яек і тэрміны іх адкладкі розняцца ў розныя гады і шмат чаго іншага бывае інакш. Таму наступныя месяцы сумна не будзе – запрашаем глядзець 17-ы сезон разам з намі!

Як часта бывае ў прыродзе, не ўсё так проста. І каб лепш разумець што мы назіраем і чаму адбываецца менавіта так, мы вырашылі больш падрабязна распавесці пра ўжо вядомыя факты з жыцця гэтых сакалоў і даць іх інтэрпрэтацыю. Самае цікавае, што атрымалася ўбачыць дзякуючы камерам у мінулыя гады, пералічана – часта з відэа – ТУТ.

У Брэсце, адкуль мы паказваем і каментуем адначасова 2 стрымы з двух гнездавых ніш, улікі гэтага віда птушак з Чырвонай кнігі праводзяцца больш-менш рэгулярна з 2005 году. За гэты час колькасць гняздуючых у горадзе сакалоў павялічылася з 30 пар у 2005 да 65-70 пар у 2020 годзе. З 2010 году, калі сокал-пустальга быў Птушкай году ў Беларусі, мы ладзім штогадовыя стрымы з гнёздаў гэтых невялікіх драпежных птушак з Брэста, а ў першыя гады яны былі і з Гродна.

Як і ўсе іншыя нашы (і не толькі нашы) сокалы, пустальгі самі не будуць гняздо і таму вымушаныя або займаць пабудовы іншых відаў птушак (звычайна гэта гнёзды сарок, шэрых варон, гракоў ці нават крумкачоў), або ў гарадах гняздуюць у разнастайных нішах на тэхнічных паверхах шматпавярховых дамоў (вентыляцыныя адтуліны на гарышчах і шахтаў ліфтаў), або нават нейкія прытульныя для іх месцы у перапляценнях тэхнічных канструкцый на заводах ці нават тэлевізійных вежах.

У Брэсце гэтыя сокалы ў асноўным займаюць вентыляцыйныя і дэкарацыйныя нішы ў нашых жылых дамах. Птушкі, калі ёсць магчымасць, яўна аддаюць перавагу больш высокім будынкам. Так, па выніках аднага з даследаванняў віду ў гэтым горадзе атрымалася, што тры з чатырох пар выбралі шматпавярховікі вышынёй у 9-12 паверхаў, 22% пар дамы да 6 паверхаў і адна пара загнездавала на тэхнічным паверсе 18-ці павярховага дома.

Дзве гнездавыя нішы, з якіх мы ладзім стрымы, як раз размяшчаюцца побач адна з адной у дэкарацыйных нішах аднаго з брэсцкіх шматпавярховікаў.

птушка

птушка

Самец і ніжэй самка сокала-пустальгі ў адной з нішаў, з якой мы ладзім стрым. Здымкі Аляксандра Мініча.

Што адбывалася да пачатку трансляцыі

Звычайна нашы сокалы-пустальгі адлятаюць на зімоўку і вяртаюцца ў пачатку вясны. Дзе яны зімуюць – сказаць дакладна цяжка, але хутчэй за ўсё гэта Паўднёвая і Заходняя Еўропа, а мінулай восенню адзін з акальцаваных намі маладых сокалаў з Брэста быў адлоўлены .. на поўначы Лівіі!

У апошнія гады з параўнальна мяккімі зімамі частка сакалоў застаецца паблізу будучых месцаў гнездавання. Зразумела, што птушкі з абодвух гэтых груп маюць і перавагі, і недахопы ў сваёй стратэгіі зімоўкі. Першыя выйграюць, калі снег выпадае на непрацяглы тэрмін і марозныя дні можна пералічыць на пальцах дзе абедзьвух рук, а дзе і адной. Тады сакалам лягчэй паляваць і яны пазбягаюць разнастайных небяспек пад час пералётаў на месцы зімоўкі і назад. Птушкі ж з другой групы хутчэй выйграюць, калі ў нас халодныя і снежныя зімы – як была гэтая - бо там, дзе зімуюць яны, зіма мяккая і бясснежная амаль штогод.

Зразумела, што той, хто застаўся зімаваць каля месца гнездавання ці вярнуўся на яго першым, мае большы выбар калі і не партнёраў, то гнездавых ніш. І хаця высока размешчаная ніша і яе памер важныя самі па сабе, не менш важнае яе месцазнаходжанне ў адносінах да (будучых) месцаў палявання. Палююць пустальгі або з завісання, або з прысады ў адкрытых прасторах звычайна над сельгаспалеткамі ці пустырамі, аднак могуць паспяхова паляваць і ў гарадах над газонамі – калі ёсць на каго.

птушка

Самец сокала-пустальгі палюе паміж т.зв. замкамі ў цэнтры Гродна. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага

У добрыя на палёвак сезоны гэтыя грызуны могуць складаць большую частку здабычы або нават амаль усю здабычу пустальгі. Аднак сокалы не менш паспяхова палююць і на вялікіх жукоў ціпа майскіх, конікаў, яшчарак, дробных птушак памерам ад вераб'я да шпака ўключна. Калі гнездавая ніша знаходзіцца параўнальна недалёка да рэгулярна даступнай здабычы, самцу не трэба адлятаць на паляванні далёка, ён больш часу знаходзіцца побач з самкай. А гэта значыць можа дапамагчы адстаяць іх гнездавую нішу ў выпадку пасягальніцтва на яе іншай пары, а таксама запабегчы спробам капуляцыі сваёй самкі з іншым партнёрам – калі такія раптам будуць.

Галоўная мэта любой птушкі – і тут не важны яе від – пажадана першай апынуцца ў пачатку сезона гнездавання там, дзе магчыма размнажацца. Прычына гэтага і важная, і простая адначасова: каб мець максімальна шырокі выбар як партнёраў, так і – у выпадку гарадзкіх сокалаў – гнездавых ніш. Не сакрэт, што колькасць гэтых апошніх у падыходзячых для гнездавання месцах (пажадана паблізу будучых месцаў палявання - адкрытых тэрыторый - сельгаспалеткаў і пустыроў у прамысловых зонах) абмежаваная.

Ужо ў канцы лютага і часцей у пачатку сакавіка і самцы, і самкі пустальгі пачынаюць заяўляць свае прэтэнзіі на найлепшыя месцы гнездавання. Яны павінны быць бяспечнымі – пажадана знаходзіцца высока і ў недасяжных для чалавека і іншых патэнцыйных драпежнікаў нішах на разнастайных пабудовах. Ну і быць дастаткова прасторнымі, каб спачатку там змяшчалася самка на кладцы, а потым і падрослыя птушаняты да іх вылету.

Самцы бароняць ад супернікаў абраныя імі гнездавыя нішы і паступова менавіта ў такой камбінацыі – самец разам с будучым месцам гнездавання – самкі і абіраюць іх. 

Утварэнне пары і як самка вырашае, колькі яек ей адкласці ў гэтым сезоне і з гэтым партнёрам

Кладкі як з 1-2, так і з 7 яек бываюць у пустальгі вельмі рэдка. Трошкі часцей адзначаны кладкі з 3 яек, але і так у большасці выпадкаў самкі адкладваюць ад 4 да 6:

птушка

птушка

Каб назапасіць у целе запасы, неабходныя для фармавання яек, самцы, акрамя прыкладна месяца часу, патрэбна рэгулярна параўнальна шмат ежы.

І вось тут яна і правярае і здольнасці свайго самца да палявання, і спрабуе прадказаць на аснове частаты прылётаў самца са здабычай якім будзе гэты гнездавы сезон у адносінах да даступнасці ежы. Справа ў тым, што яна можа на гэтым этапе вырашыць, колькі яек варта адкласці, а потым і як іх наседжваць – пра гэта будзе ніжэй. Звычайна аснова харчавання пустальгі – дробныя мышападобныя грызуны, а найчасцей – шэрыя палёўкі. Яны – аптымальная здабыча як па масе (паміж 20-25 г), так і па даступнасці для гэтых сакалоў. А ў палёвак здараюцца т.зв. рэгулярныя цыклы колькасці. Прыкладна раз у 5 гадоў іх вельмі шмат, а потым усё менш і менш у наступныя гады і ў дзесяткі разоў менш у год мінімума ў параўнанні з макімумам. І вось каб ‘адгадаць’ які гэты год для асноўнай здабычы – палёвак, самкі і выкарыстоўваюць месяц перад пачаткам адкладкі яек. Але "адгадаць" важна не толькі які гэта год па даступнасці здабычы, але і які самец быў абраны. Першае і другое вельмі важна і звязана адно з адным.

Як наседжваць кладку: тры варыянты і іх сэнс

Зразумела, што колькасць яек – вельмі важная ‘падстройка’ пад колькасць здабычы, якую прыносіць самец сваёй абранцы. Яна самастойна ўжо не палюе, і акрамя фармавання яек, таксама назірае за сваёй гнездавой нішай, ну і разам з самцом, час ад часу капае у ёй гнездавую ямку куды і будуць адкладзены яйкі. Аднак – калі ёсць такая фізіялагічная і фізічная магчымасць – варта адкласці максімальную колькасць яек. Нават калі не ўсе птушаняты потым змогуць быць выкармленыя, то як мінімум тэарэтычна застаецца магчымасць, што ўсё ж усе выляцяць і яе варта паспрабаваць выкарыстаць каб павялічыць колькасць сваіх патомкаў.

Таму самкі робяць і больш тонкую ‘падстройку’ пад прагназуемую колькасць здабычы ў той час, калі птушаняты будуць патрабаваць максімум ежы. Тут магчымыя тры варыянты, два скрайнія выкарыстоўваюцца сакаламі вельмі рэдка. Аднак пачаць трэба з таго, што кожнае наступнае яйка звычайна адкладваецца самкай праз два дні.

Першы варыянт інкубацыі для самкі – пачаць наседжваць адразу з першага яйка і тады, прыкладна праз 28-30 дзён вылупіцца першае птушанё, потым праз два дні – другое, праз 4- трэцяе і гэтак далей. На дзень вылуплення апошняга, шостага сакалёнка, першы будзе мець ужо 10 дзён і не будзе патрабаваць абагрэву самкі (гл. ніжэй) і, зразумела, будзе найбольшы памерамі і самы актыўны з вывадка. І калі ежы, якую увесь час прыносіць толькі самец (бо самка застаецца на гняздзе з яйкамі і малымі) раптам не будзе хапаць каб накарміць усіх птушанят, паступова пачнуць гінуць самыя меншыя. Бо самка корміць птушанят паводле праяўлення імі актыўнасці пад час прыносу ежы на гняздо. А самымі актыўнымі аказваюцца самыя старэйшыя. Гэта дае магчымасць вельмі хутка ‘прыводзіць’ колькасць птушанят на гняздзе ў адпаведнасць з колькасцю ежы, якую здольны прыносіць на гняздо самец.

птушка

Такое вылупленне птушанят называецца асінхронным і часта сустракаецца ў тых відаў драпежных птушак (дзённых драпежных птушак (канюхоў, лунёў), соваў, чапляў, буслоў, нават некаторых крумкачовых і грычуноў), якія харчуюцца найчасцей ежай, даступнасць якой цяжка дакладна прадказаць у гэтым гнездавым сезоне. Звычайна аснова іх харчавання – тыя ж мышападобныя грызуны.

Трэці варыянт інкубацыі, які сустракаецца без іншых варыянтаў у большасці вераб’іных птушак, а таксама ва ўсіх качак, гусей і курыных (у якіх птушаняты вывадковага тыпу і амаль адразу пасля вылуплення следуюць за дарослымі птушкамі) – пачынаць наседжваць кладку толькі пасля адкладкі апошняга яйка. Тады ўсе птушаняты вылупляюцца на гняздзе на працягу некалькіх гадзін і, адпаведна, усе аднолькавага ўзросту, памеру і актыўнасці. Гэты варыянт, які называецца сінхронным вылупленнем, выкарыстоўваюць тыя віды птушак, у якіх даступнасць харчовых рэсурсаў мала змяняецца ў розныя сезоны гнездавання. І, ў дадатак, вывадковыя птушаняты курыных і гусіных-качыных самастойна знаходзяць ежу – дарослыя птушкі іх не кормяць. Таму там не трэба змяншаць вывадак – ежы хапае для ўсіх. Такі варыянт вельмі рэдка можа сустракацца і на гнёздах пустальгі – калі ежы так шмат, што самец (па меркаванні самкі) зможа забяспечыць ёй нават усіх птушанят аднолькавага ўзросту.

птушка

Ну і нарэшце, другі варыянт інкубацыі – як раз той выпадак, які мы штогод назіраем на гнёздах пустальгі пад назіраннем нашых камер. Ён прамежкавы паміж першым і трэцім. Самка пачынае шчыльна наседжваць кладку толькі пасля таго, як адкладзе другое, а часцей – трэцяе яйка. Першыя – старэйшыя птушаняты аднаго ўзросту і актыўнасці – будуць мець перавагу пры недахопе ежы перад наступнымі, маладзейшымі. Такое вылупленне называецца часткова сінхронным. І ўсё ж такі варыянт інкубацыі хутчэй за ўсё выкарыстоўвае самка ў выпадку, калі самец забяспечвае яе вялікай колькасцю здабычы і яна мае вельмі добрую ўпэўненасць у бліжэйшай будучыні і здольнасці самца забяспечыць ежай і яе, і птушанят. Што гэта менавіта так, мы бачым па колькасці прыносаў палёвак на абодва гнязда – іх не толькі многа, але і амаль няма іншай здабычы, якую звычайна ловяць пустальгі пры недахопе грызуноў: яшчарак, вераб’іных птушак, жукоў і конікаў. Ды і вялікая кладка – 5 яек на першым гняздзе – таксама сведчаць хутчэй пра добры год для палёвак – і для сакалоў, якія ўмеюць іх лавіць.

НАМ МОЖНА ДАПАМАГЧЫ і атрымаць значок-пін з сокалам-пустальгой.

Як назіраць за гнёздамі, каб было цікава і сабе, і іншым

Як і кожны папярэдні сезон, наша каманда будзе каментаваць самыя цікавыя моманты з трансляцыі і размяшчаць скрыншоты з яе і кароткія відэа. Аднак усе зарэгістраваныя на сайце карыстальнікі таксама могуць гэта рабіць і мы запрашаем дадаваць каментары са скрыншотамі цікавых ці незразумелых падзей і Вас.

Не менш важна і задаваць пытанні – каб мы маглі растлумачыць што і магчыма чаму адбываецца. Вельмі магчыма, што тое, што не зразумела Вам, не зразумела і некаму іншаму. Таму пытанні – шлях да больш цікавай трансляцыі для ўсіх нас.

Акрамя гэтага, важна помніць, што YouTube забяспечвае магчымасцю “адкручваць” тое, што транслюе камера ажно да 12 гадзін назад.

Цікавага прагляду!

Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымкі Аляксандра Мініча і скрыншоты с трансляцыі за розныя гады

 

На гэтую тэму:

Топ-10 открытий благодаря 10 сезонам on-line трансляций с гнёзд сокала-пустельги

Гісторыі гарадзенскіх сакалоў: шчаслівыя і не вельмі

ПАЛЯВАННЕ ЗВЫЧАЙНАЙ ПУСТАЛЬГІ (FALCO TINNUNCULUS) У Г.ГРОДНА І НАВАКОЛЛІ

Фейсбук помог обнаружить сокола-пустельгу из Беларуси … в Ливии!

Генетычнае параўнанне гарадзкіх папуляцый звычайнай пустальгі (Falco tinnunculus)

Самцы пустельги с возрастом cтановятся светлее и размножаются успешнее