Сорак гадоў самых вялікіх улікаў паказалі што змянілася з птушкамі ў Вялікабрытаніі

Вялікія зімовыя садовыя ўлікі (Big Garden Birdwatch) заўтра будуць адзначаць 40-годдзе з пачатку іх правядзення Каралеўскім таварыствам абароны птушак (RSPB): чакаецца, што не менш паўмільёна брытанцаў на працягу як мінімум гадзіны падлічаць птушак на падворку свайго дома ў садзе ці ў бліжэйшым парку. Увесь гэты час праект застаецца самым маштабным даследаваннем з выкарыстаннем т.зв. грамадзкай навукі (citizen science). Дзякуючы яго маштабнасці і працягласці, ужо зараз можна зрабіць некаторыя высновы, многія з якіх сумныя.  

У самым пачатку гэтых зімовых улікаў у садах і на падворках было гучна ад мноства шпакоў, вераб’ёў і драздоў. У апошнія гады, аднак, тут хутчэй пачуеш галасы кольчатых туркавак і вялікіх галубоў, а ў некаторых мясцовасцях – і крыкі інтрадукаваных папугаяў Крамера.

Калі ж казаць пра атрыманыя пад час улікаў лічбы і суадносіны розных адзначаных відаў, то яны наступныя:

Колькасць улічаных шпакоў (Sturnus vulgaris) за апошнія 39 гадоў зменшылася на 80%, драздоў-спевуноў (Turdus philomelos) – на 75%, дамовых вераб’ёў (Passer domesticus) – на 57%. Нават тыя віды, якія раней лічыліся сімваламі брытанскіх садоў і паркаў – малінаўкі (Erithacus rubecula) і чорныя дразды (T. merula) зменшылі сваю колькасць адпаведна на 31 і 41%.

За той самы час адбылося значанае ці вельмі значнае павелічэнне колькасці некаторых іншых відаў птушак: напрыклад, вялікіх галубоў (Columba palumbus) стала на 950% больш, кольчатых туркавак (Streptopelia decaocto) – на 307%, сарок (Pica pica) – на 173%.  

Аднак і некаторых дробных птушак стала больш: масковак (Periparus ater) на 263%, крапіўнікаў (T. troglodytes) – на 88%. У топ-10 самых частых наведвальнікаў садоў і паркаў рэгулярна трапляюць сініцы-апалоўнікі (Aegithalos caudatus) і чорнагаловыя шчыгелы (Carduelis carduelis) – апошнія хутчэй за ўсё дзякуючы прапанаванаму на сталоўках насенню.

Сярод прыкладна 130 мільёнаў розных птушак, якія адзначаюцца штогод пад час Улікаў, у Лондане і на паўднёвым усходзе Англіі ўсе часцей трапляюцца папугаі Крамера (Psittacula krameri ). А дзе-нідзе назіральнікі запісваюць сустрэчы з рэінтрадукаваным на астравы чырвоным каршуном (Milvus milvus) – калі драпежныя птушкі пралятаюць над месцам улікаў, гэта дазволена рабіць паводле іх правілаў правядзення.

Цікава, што таксама назіральнікі налічылі ў два разы менш драздлў-спевуноў, чым на пачатку ўлікаў. На мяжы стагоддзяў дамовыя вераб’і зніклі на большай частцы Лондана, і агулам для краіны толькі за апошняе дзесяцігоддзе іх колькасць зменшылася яшчэ на 17%. Спецыяльныя схемы па распаўсюджанні насення ў сельскіх рэгіёнах узімку дапамагаюць віду не знікнуць і на фермах.

Майк Кларк (Mike Clarke), старшыня RSPB, сказаў: “Кожны можа сыграць сваю ролю ў выратаванні нашай прыроды. Удзельнікі Big Garden Birdwatch уносяць вялікі ўнёсак у маніторанг птушак садоў і паркаў апошнія некалькі дэкадаў.”

Хаця прычыны змяншэння колькасці многіх відаў ляжаць па-за кантролем уладальнікаў прысядзібных садоў, напрыклад, гэта змены клімату ці інтэнсіфікацыя сельскай гаспадаркі, аднак мы можам зрабіць нашы падворкі больш адпаведнымі для дзікіх птушак. RSPB рэкамендуе не выкарыстоўваць хімікаты, дазволіць кустам расці, забяспечваць птушак ежай і доступам да вады, размяшчаць штучныя гнёзды.

Паводле www.theguardian.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак пары дамовага вераб’я Ірыны Новік

 

 

На гэтую тэму:

У Шатландыі тэрапеўты пачалі прапісваць пацыентам бёрдуотч!

Катастрафічнае змяншэнне колькасці многіх відаў птушак адзначана ў Францыі

Самыя вялікія зімовыя назіранні-ўлікі за птушкамі?

Многія дробныя птушкі не перажылі зіму

Папугай-інтрадуцэнт хутка павялічвае сваю колькасць у Еўропе

Папугаі-інтрадуцэнты даказана шкодзяць мясцовым відам птушак

Пустальга працягвае знікаць у Вялікабрытаніі

Сокал-падарожнік на максімуме колькасці ў Вялікабрытаніі