Розныя віды крычак па-рознаму рэагуюць на перадатчыкі

З цягам часу розныя тэхналагічныя прылады, якія дазваляюць адсочваць перамяшчэнні птушак, робяцца ўсё больш мініятурнымі і гэта дазваляе выкарыстоўвываць іх на ўсё большай колькасці відаў, для якіх раней гэта было немагчыма. Аднак, як аказалася, для некаторых відаў мае вялікае значэнне не толькі памер і вага прылады, але і ўвогуле яе размяшчэнне на птушцы.

Каманда амерыканскіх даследчыкаў з University of Rhode Island, U.S. Fish and Wildlife Service, American Museum of Natural History (Нью Йорк), Avian Research and Conservation Institute (Фларыда) і Maine Coastal Islands National Wildlife Refuge (Мэйн), на працягу трох гадоў вывучала перамяшчэнні двух відаў крычак з прыладамі вагой 2,5 г, якія лічацца бяспечным для птушак з масай каля 150 г.

Спадарожнікавыя перадатчыкі аднолькавай мадэлі размяшчаліся агульнапрынятым спосабам на спіне як заплечнікі з дапамогай тэфлонавай стужкі на рачных крычках (Sterna hirundo) і ружовых крычках (S. dougallii). Для таго, каб адлавіць птушак і потым адсочваць іх перамяшчэнні з перадатчыкам, выкарыстоўваліся тыя ж метады.

Такім чынам атрымалася змясціць перадатчыкі на 5 рачных крычак у штаце Мэйн у 2017 годзе і потым адсочваць іх на працягу наступных 102-652 дзён, прычым ніякіх адмоўных эфектаў заўважана не было, птушкі зімавалі ў Бразіліі і ўсе вярнуліся на папярэднія гнездавыя тэрыторыі праз год, дзе непрацуючыя перадатчыкі былі знятыя з двух крычак у 2018 і 2019 гадах.

У адрозненне ад іх, на 10 ружовых крычках, адлоўленых у 2018 г. у штаце Нью Йорк, прылады працавалі толькі ад 1 да 72 дзён, прычым толькі на 2 птушках перадатчыкі змяшчаліся даўжэй за тыдзень. Аказалася, што ружовыя крычкі стараліся зняць перадатчыкі з сябе і ў трох дзюба захрасла ў тэфлонавай стужцы на спіне, з-за чаго адна з іх загінула. Стрэс для некаторых птушак быў такі моцны, што 2 з 10 пасля выпускання ўвогуле не вярнуліся на свае гнёзды.

Аўтары артыкула па выніках даследавання рэкамендуюць з асцярожнасцю выкарыстоўвываць новыя метады мечання птушак і не прымяняць іх зусім на відах, для якіх ужо вядомае падобнае негатыўнае уздзеянне.

Крыніца: Peter W. C. Paton, Pamela H. Loring, Grace D. Cormons, Kenneth D. Meyer, Sara Williams, and Linda J. Welch 2021, Fate of Common (Sterna hirundo) and Roseate Terns (S. dougallii) with Satellite Transmitters Attached with Backpack Harnesses, Waterbirds 43(3-4), 342-347 https://doi.org/10.1675/063.043.0315

Паводле www.bioone.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак рачной крычкі Паўла Лычкоўскага

 

 

На гэтую тэму:

Арніталогія ўжо ніколі не будзе ранейшай?

Спадарожнікавыя перадатчыкі аслабляюць качак-шылахвостак?

Упершыню даказана, што геалакатары не павялічваюць смяротнасць дробных вераб’іных

Ці могуць геалакатары перашкаджаць птушкам пад час міграцыі?

Першае параўнанне дадзеных, атрыманых з дапамогай геалакатара і перадатчыка GPS ад той самай птушкі