Змены ў таксанаміі чапляў: ужо зацверджаныя і яшчэ не

Чаплявыя (Ardeidae) - добра адасобленае ад іншых сямейства каляводных птушак з атраду Пеліканападобных Pelecaniformes, якое прадстаўляюць, у залежнасці ад погляду на іх класіфікацыю, ад 61 да 66 сучасных відаў, якіх аб’ядноўваюць у 18-19 радоў. Аднак апошнія публікацыі ўжо прывялі да некаторых зменаў у відавым статусе і могуць прывесці да перамяшчэнняў відаў паміж радамі.

Нямецкі заолаг Johann Georg Wagler у 1829 годзе апісаў сярэднюю белую чаплю не толькі як новы від, але вылучыў яе ў асобны род - Mesophoyx. Аднак праз некаторы час пасля гэтага адзначылі, што яна выглядае вельмі падобна на невялікіх чапляў - прадстаўнікоў роду Egretta, у якім яна і была як мінімум да 2000 году як Е. intermedia. Генетычныя параўнанні, праведзеныя Шэлданам з сааўтарамі (Sheldon et al. 2000), паказалі, што від бліжэй да відаў з роду Ardea, у тым ліку да вялікай белай чаплі А. alba. Між іншага, гэтыя высновы пацвердзіліся ў апошнім маштабным філагенетычным даследаванні чапляў (Hruska et al. 2023). Taму да верасня мінулага году від, распаўсюджаны на трох кантынентах, захоўваў назву свой статус як сярэдняя белая чапля Ardea intermedia.

Большасць арнітолагаў лічыла адасобленыя ад сябе і не вельмі адрозныя марфалагічна папуляцыі на розных кантынентах падвідамі: у Афрыцы афрыканскай сярэдняй белай чапляй A. (i.) brachyrhyncha, азіяцкай A. (i.) intermedia і аўстралійскай A (i.) plumifera адпаведна. Аднак яшчэ 10 гадоў таму Josep del Hoyo i Nigel J. Collar (2014) апублікавалі падрабязны пералік марфалагічных адрозненняў паміж гэтымі формамі і палічылі іх насталолькі сур’ёзнымі, што прапанавалі лічыць падвіды паўнапраўнымі відамі. І вось толькі ў верасні мінулага году Міжнародны арніталагічны камітэт IOC падвёў рысу спрэчкам і зацвердзіў падзел сярэдней белай чаплі на тры пералічаныя вышэй віды адпаведна былым падвідам.

птушка

Некамплектнае філагенетычнае дрэва (Maximum likelihood tree) Чаплевых з прапанаванымі ў артыкуле Hruska et al. 2023 зменамі - падрабязней пра іх ніжэй. З www.academic.oup.com 

Вялікая каманда амерыканскіх даследчыкаў (Hruska et al. 2023) параўнала ўзоры т.зв. ультракансерватыўных участкаў (Ultraconserved elements (UCE)) з усяго геному і мітахандрыяльныя ДНК (mtDNA) у 55 відаў (прыкладна 90%) сучасных чапляў. Філагенетычныя дрэвы, якія ўтварыліся з дапамогай параўнання UCE i mtDNA, аказаліся ў большасці выпадкаў падобнымі і згоднымі адно з адным.

Аказалася, што рады Gorsachius, Botaurus, Ardea i Ixobrychus, не монафілетычныя і насамрэч цяпер аб’ядноўваюць прадстаўнікоў розных радоў.

Такім чынам, даследчыкі прапанавалі наступныя змены ў таксанаміі чапляў:

  1. Два віды амерыканскіх чапляў-лазянікаў, а менавіта Ixobrychus involucris i I. exilis, перанесці ў род чапляў-бугаёў Botaurus.
  2. Род Gorsachius падзяліць на два: Gorsachius i Calherodius.
  3. Егіпецкая чапля Bubulcus ibis насамрэч генетычна блізкая да шэрай Ardea cinerea і вялікай белай чапляў A. alba і іншых відаў рода, і таму павінна ўваходзіць у род Ardea як A. ibis.

Хаця з моманту публікацыі па выніках гэтага даследавання прайшоў ужо год, Міжнародны арніталагічны камітэт яшчэ не прыняў гэтыя прапановы па зменах у сістэматыцы чапляў. Але можа гэта ўжо толькі справа часу, як і ў выпадку з сярэдняй белай чапляй?

Крыніцы:

del Hoyo, J., i Collar, N. J. 2014. HBW and BirdLife International Illustrated Checklist of the Birds of the World. Volume 1. Non-passerines. Lynx Edicions, Barcelona, Spain.

IOC World Bird List версія 13.2 „Proposed Splits/Lumps". IOC. 26 September 2023. https://www.worldbirdnames.org/new/updates/proposed-splits/ 

Hruska, J. P., J. Holmes, C. Oliveros, S. Shakya, P. Lavretsky, K. G. McCracken, F. H. Sheldon i R. G. Moyle 2023. Ultraconserved elements resolve the phylogeny and corrobrate patterns of molecular rate variation in herons (Aves: Ardeidae). Ornithology 140(2):1-21 https://academic.oup.com/auk/article/140/2/ukad005/6995439 

Sheldon, F.H.; Jones, C.E. i McCracken, K.G. 2000. Relative patterns and rates of evolution in heron nuclear and mitochondrial DNA. Molecular Biology and Evolution. 17(3): 437–450. https://pubmed.ncbi.nlm.nih.gov/10723744/

Паводле Ornitofrenia падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак егіпецкіх чапляў ў імпаламі Сяргея Зуёнка

 

На гэтую тэму:

Вялікая белая чапля ўсё яшчэ адзіны від?

Таксанамічныя змены ў відавым статусе жаўрукоў могуць (не) змяніць спіс птушак Беларусі

Генетыкі прапануюць падзяліць бажана на тры віды – што гэта значыць для спісаў птушак у Еўропе

Прапанавана падзяліць вялікага дзятла на чатыры асобныя віды