Даказана з дапамогай геному: каралінскага папугая вынішчылі людзі

Міжнародная каманда навукоўцаў пасля аналізу поўнага генома каралінскага папугая (Conuropsis carolinensis), які знік у пачатку мінулага стагоддзя, пацвердзіла, што не было ніякіх прыродных прадпасылак да гэтага. І від сапраўды быў вынішчаны чалавекам, прычым вельмі хутка.

Каралінскі папугай – разам з вандроўным голубам, адзін з найбольш вядомых сумных сымбаляў знікнення біялагічных відаў для Злучаных штатаў. Від быў прызнаны зніклым пасля таго, як апошняя птушка памерла ў заапарку Цынцынацці ў 1918 годзе. Гэта быў адзіны прадстаўнік атрада Папугаепадобных, які жыў так далёка на поўначы і быў распаўсюджаны ад Новай Англіі на поўдні да Мексіканскага заліву на поўначы і на ўсход да Каларада.

Птушкі пераляталі паміж месцамі харчавання ў групах, якія складаліся з сотняў асобін. Гэта аблягчала інтэнсіўныя паляванні на іх, асабліва катастрафічныя для віда ў апошнія дзесяцігоддзі ХІХ стагоддзя, калі іх масава забівалі на пер’е для модных жаночых капялюшаў. І хаця дакладная прычына знікнення масавага віда лічылася недастаткова зразумелай, да актыўнага палявання дадалася маштабная фрагментацыя і знішчэнне месцапражыванняў папугаяў. Таксама лічыцца, што да гэтага магло спрычыніцца і масавае развядзенне свойскіх птушак, якія маглі перадаваць хваробы папугаям.

Даследчыкі з Institute of Evolutionary Biology (IBE, Барселона, Гішпанія) і Globe Institute at the University of Copenhagen (Данія) зрабілі першую расшыфроўку поўнага генома папугаяў, што, акрамя эвалюцыйнай гісторыі віда, дало магчымасць вызначыць прычыны яго хуткага знікнення.

Даследчыкі параўналі геном каралінскага папугая, атрыманы з клетак бедраннай косткі і фаланг пальцаў з экземпляра, які захоўваецца ў прыватнай калекцыі ў Гішпаніі і таксама ўпершыню расшыфраваным поўным геномам найбольш блізкага крэўнага – сонечнага папугая (Aratinga solstitialis) з Паўднёвай Амерыкі. Гэты від, на шчасце, усё яшчэ даволі звычайны на большай частцы свайго арэалу.

Параўнанне геномаў гэтых двух відаў з іншымі, ужо расшыфраванымі іншымі даследчыкамі раней, паказала, што разыходжанне сонечнага і каралінскага папугаяў адбылося прыкладна на тэрыторыі сучаснай Панамы каля 3 мільёнаў гадоў таму.

Цікава, што каралінскія папугаі навучыліся есці насенне дурнішніка (Xanthium) – вельмі ядавітай расліны  - такім чынам, што яно не атручвала саміх птушак, але самі папугаі станавіліся атрутнымі для драпежнікаў. Аналіз генома дапамог знайсці гены двух незвычайных бялкоў, якія звязвалі атруту ў арганізме папугаяў.

Навукоўцы таксама праверылі геном на сляды магчымага інбрыдынгу і паступовага змяншэння колькасці папуляцыі – адных з асноўных рысаў рэзкага знікнення папуляцый па нейкіх прыродных прычынах, Аднак нічога падобнага не знайшлі, што сведчыць пра параўнальна хуткае вынішчэнне віда чалавекам. Акрамя гэтага, навукоўцы пачалі абмяркоўвываць наколькі рэалістычным было б аднаўленне каралінскага папугая.   .

Метадалогія і тэхналогіі магчымага аднаўлення зніклых відаў могуць спатрэбіцца ў бліжэйшай будучыні для тых відаў, якія знікнуць па нашай віне ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі. "Зараз мы можам з дапамогай генетыкі праверыць дынаміку знікнення і вызначыць – ці быў гэты працэс абумоўлены толькі прыроднымі прычынамі, ці ўсё ж адбыўся па віне чалавека. Справа тут у тым, што доўгатэрміновае змяншэнне колькасці прадстаўнікоў віда, якое звычайна адбываецца па розных прыродных прычынах, застаўляе выразны след у геноме” – сказала Lalueza-Fox, адна з сааўтарак публікацыі.

Найбольш незвычайным аказалася тое, што ўвесь працэс даследавання і інтэрпрэтацыі атрыманых дадзеных рэгулярна паказвалі ў вельмі папулярнай праграме каталонскага тэлебачання пра навуку пад назвай "Quèquicom," і карацейшая версія ў выглядзе фільма нядаўна атрымала першы прыз сярод навуковых праграм 2019 году, якія выйшлі на телебачанні ў Гішпаніі.

Крыніца:

Pere Gelabert et. al. Evolutionary History, Genomic Adaptation to Toxic Diet, and Extinction of the Carolina Parakeet, Current Biology; December 2019. DOI: doi.org/10.1016/j.cub.2019.10.066

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з калекцыі Smithsonian Institution з www.forbes.com

 

 

На гэтую тэму:

Сталі вядомыя філагенетычныя сувязі зніклага каралінскага папугая

Распаўсюджанне каралінскага папугая адноўлена праз 100 гадоў пасля знікнення віду

З дапамогай генетыкаў знайшлі крэўных вандроўнага голуба

10 гісторый поспеху пра 10 відаў птушак, якіх атрымалася выратаваць ад знікнення

На Зямлі афіцыйна зніклі яшчэ 13 відаў птушак

Стрынатка-дуброўнік можа знікнуць таксама, як вандроўны голуб

Больш за 80% пераадкрытых відаў жывёл знаходзяцца пад пагрозай канчатковага знікнення