Харчаванне ў групе мае і свае перавагі, і свае недахопы. У групе лягчэй знайсці адпаведную ежу, заўважыць і пазбегнуць драпежніка. Аднак вялікая колькасць асобін у адным месцы прыцягвае больш увагі драпежнікаў, ды і канкурэнцыя за ежу павялічваецца. Адзін са шляхоў, якім асобіны могуць зменшыць або пазбегнуць падобнай канкурэнцыі, можа быць уключэнне у склад харчавання новай ежы.
Упершыню камандзе брытанскіх даследчыкаў атрымалася паказаць непасрэдную залежнасць паміж сацыяльнай пазіцыяй, якую асобная птушка займае ў групе і імавернасцю, з якой яна будзе харчавацца новай ежай, якой не карысталася да гэтага.
Даследаванне правялі на 105 вялікіх сініцах (Parus major) у Wytham Woods, Oxfordshire (Вялікабрытанія), калі яны ўзімку перамяшчаліся і харчаваліся ў чародках. Усе птушкі былі забяспечаны чыпамі RFID (‘radio frequency identification’ tag), дзякуючы гэтаму навукоўцы маглі адсочваць паводзіны індывідуальных птушак пад час харчавання і пасля яго, між іншым з якой колькасцю іншых сініц кожная птушка праводзіць часу побач.
Пасля таго, як ступень сацыяльнасці кожнай сініцы была вызначана, ім прапаноўвалі зусім новую ежу і адсочвалі іх выбар. Для гэтага на адной са сталовак побач са звычайнай для іх ежай (арахісам), выкладвалі той жа арахіс, але пафарбаваны ў незвычайны для яго колер (зялёны або ярка-чырвоны).
На працягу наступных 19 дзён адсочвалі як часта кожная з птушак есць ‘старую’ і ‘новую’ для яе ежу, а таксама прабавалі зразумець магчымую сувязь гэтага з рознымі фактарамі.
Аказалася, што частата карыстання новай ежай была звязана з ‘сацыяльнасцю’ птушкі - чым больш кантактнай была асобная сініца з іншымі, тым больш новай ежы яна з’ядала. Прычым самыя ‘сацыяльныя’ з’елі ўдвая больш новай ежы, чым найменш сацыяльныя. Даследчыкі не змаглі знайсці залежнасць з іншымі вядомымі ім фактарамі, між іншым з узростам, полам, памерам групы або агульнай колькасцю спажыванай ежы.
Парадаксальна, сацыяльнасць не мела ўздзеяння на тое, як хутка асобная сініца упершыню кaштавала раней невядомую для яе ежу. Для 92% птушак гэта здаралася пасля першай жа прапановы яе на сталоўцы.
Dr. Keith McMahon (University of Oxford), адзін з сааўтараў публікацыі па выніках даследавання, сказаў:"Гэта паказвае, што значна большае спажыванне новай ежы больш сацыяльна актыўнымі птушкамі адбываецца не таму, што яны больш смелыя ці цікаўныя, а хутчэй за ўсё таму, што падобныя асобіны такім чынам змяняюць свой склад харчавання каб зменшыць канкурэнцыю з параўнальна большай колькасцю суседзяў па групе”.
Пакуль што засталося невядомым наколькі павялічаная сацыяльнасць дапамагае такім асобінам з большай упэўненасцю есці новую ежу.
Крыніца: Keith McMahon et al, 2024 Social network centrality predicts dietary decisions in a wild bird population, iScience DOI: 10.1016/j.isci.2024.109581
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Уладзіміра Бондара
На гэтую тэму:
Сініцы хутка вучацца ад іншых сініц што есці не варта
Самае працяглае даследаванне той самай папуляцыі птушак адзначае 75-годдзе
Бойкія самцы птушак хутчэй знаходзяць сабе партнёрак і праводзяць з імі больш часу
У марозныя ночы самцы сініц не змяншаюць тэмпературу цела – у адрозненне ад самак
Канфармізм і нонканфармізм у птушак на прыкладзе вялікіх сініц
Сталоўкі для птушак змяняюць даўжыню дзюбы ў вялікіх сініц
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ