Усяго на працягу 2017 году ў Клуб200 АПБ паступіла больш за 450 паведамленняў пра назіранні 59 рэдкіх відаў са Спісу Клубу, з якіх 2 віды – новыя для нашай краіны. Нагадаем, што ў 2016 было троху больш 400 паведамленняў пра назіранні таксама 59 відаў, з іх – 4 пра новыя для Беларусі віды.
У параўнанні з 2016 годам, у 2017 нам ні разу за год не атрымалася ўбачыць наступныя віды: жоўтаногая чайка (Lаrus michahellis) і чайка-бургамістр (L. hyperboreus) (абодва – новыя для краіны), звычайная гага (Somateria mollissima), ружовы пелікан (Pelacanus onocrotalus), кучаравы пелікан (P. crispus) (новы від),чапля-кваква (Nycticorax nycticorax), белагаловы сіп (Gyps fulvus), барадач (Gypaetus barbatus) (новы з незразумелым статусам), качка-огар (Tadorna ferruginea), чорнагаловы рагатун (Larus ichthyaetus), марская чайка (L. marinus), сіні сіваграк (Coracias garullus), белакрылы (Loxia leucoptera ) і сасновы крыжадзюбы (L. pytyopsitaccus).
Аднак былі і самыя-самыя выдатныя знаходкі, з якіх і пачнем агляд:
Сібірскі чорнагаловы ерчык, самец другога году жыцця. Калінкавіцкі раён, 05-05-2017. Здымак Андрэя Шэўчыка
Першай па значнасці (і па храналогіі) падзеяй года можна лічыць назіранне новага для Беларусі віду – сібірскага чорнагаловага ерчыка (Saxicola maurus), якое зрабіў Андрэй Шэўчык у родным Калінкавіцкім раёне. Віншуем, Андрэй!
Здавалася б, побач можна паставіць толькі рэгістрацыю яшчэ аднаго новага віду. Але яна адбылася пазней, чым падзея, якую можна лічыць Другой па значнасці (калі не першай). І гэта – доказ першага за апошнія 100 гадоў гнездавання ў Беларусі стэпавага луня (Circus macrourus)! Сенсацыйнае адкрыццё з прыгодамі, без якіх наўрацці падзеі такога маштабу магчымыя, зрабіў Уладзімір Бондар у Магілёўскім раёне. Віншуем, Уладзімір!
Адзінае птушанё стэпавага луня, якое выжыла з усяго вывадка на азімым рапсе (?). Ліпень 2017, Магілёўскі раён. Здымак Уладзіміра Бондара
У сувязі з больш частымі рэгістрацыямі віда і ў нас, і ў іншых краінах Еўропы, а таксама гнездаваннем у заходняй частцы Расіі і ў Фінляндыі, і нават у Заходняй Еўропе, варта чакаць новых выпадкаў гнездавання стэпавых лунёў і ў нас. Але як будзе насамрэч, пакажа будучыня.
Трэцяй па значнасці падзеяй 2017 году ёсць рэгістрацыя новага для краіны віду птушак - стрынаткі-крошкі (Emberiza pusilla). Птушку адлавіў і закальцаваў Дзяніс Кіцель на станцыі кальцавання “Сасновы бор” 2 кастрычніка. Віншуем, Дзяніс!
Стрынатка-крошка, станцыя кальцавання птушак "Сасновы бор", Расонскі раён Віцебшчыны, 02-10-2017. Здымак Дзяніса Кіцеля
Вызначыць наступныя прыярытэтныя для году падзеі ў назіраннях птушак не менш цяжка. Але калі прызначаць умоўнае чацьвёртае і пятае месцы, то для мяне гэта:
Першая рэгістрацыя на гнездаванні шыладзюбкі, якое адбылося на ачышчальных сажалках Турава (адкрыццё зрабіў Сямён Левы) і было паспяховым, і
Сава-бярозаўка (Surnia ulula), адзначаная Валерыем Кавалёнкам 02.01 - адзіная рэгістрацыя для 2017 году і першая пасля пачатку 2014 году. Пакуль сава знаходзілася на Шаркаўшчыне, яе змаглі паглядзець, пагяняць і пафатаграфаваць некалькі груп цікаўных.
Сава-бярозаўка, Шаркаўшчынскі раён, 02-01-2017. Здымак Валерыя Кавалёнка
Ёсць і іншыя выдатныя назіранні, несумненна вартыя ўключэння ў першую пяцёрку самых-самых. Але, на жаль, месцы ў ёй скончыліся. Таму далей агляд будзе ісці ў таксанамічным парадку з адным выключэннем. Бо 2017 год паўнапраўна мог бы называцца для беларускіх бёрдэраў Годам снежнага падарожніка. Таму і пачнем далейшы агляд з гэтага віда:
"Снежны падарожнік хаваецца ад беларускіх бёрдэраў", Чэрвенскі раён, 14-01-2017. Здымак Аляксандра Вінчэўскага
Снежны падарожнік (Calcarius lapponicus) - птушка, якая да пачатку гэтага году заставалася загадкай для бёрдэраў з Беларусі. Адзіная рэгістрацыя віда з фотаздымкам была зроблена яшчэ ў 2011 годзе і статус падарожніка быў незразумелы. Аднак як толькі Андрэй Шэўчык змог выглядзець і сфатаграфаваць першую для гэтага году птушку 04.01 пад Калінкавічамі, адкрыўся “падарожнікаправод” (па трапнаму выразу Дзяніса Кіцеля) і за зіму было зроблена ажно 16 паведамленняў пра сустрэчы з відам, а фактычна гэта 13 рэгістрацый да паловы лютага! Птушак бачылі на Гомельшчыне, Міншчыне і Гарадзеншчыне ў асноўным у змешаных зграях з іншымі відамі вераб’іных у колькасці ад 1 да 23 птушак пад Калінкавічамі – менавіта там, дзе і “прарвала” упершыню!
Чырвонаваллёвы гагач (Gavia stellata) – дванаццаць паведамленняў і дзесяць рэгістрацый, усе, акрамя адной, зроблены ў другой палове восені амаль па ўсёй краіне. Найбольшая група на Мінскім моры налічвала як мін. 13 птушак.
Малады чырвонаваллёвы гагач, вусце р.Свіслач, Гродзенскі раён. 19-11-2017. Здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага
Чырвонашыйная коўра (Podiceps auritus) – адзначалася на працягу ўсяго году, пачынаючы з яго першага дня! Усяго было зроблена 6 рэгістрацый у розных частках Беларусі.
Малы лебедзь (Cygnus columbianus) – адзін з тых відаў птушак, якія ў апошнія гады пачалі зімаваць у новых месцах. Хутчэй за ўсё па гэтай прычыне від стаў усё часцей адзначацца пад час міграцыі і ў нашай краіне. За год зроблена 10 паведамленняў пра сустрэчы з відам і 9 рэгістрацый. Толькі адна рэгістрацыя адбылася восенню, усе іншыя – вясной. Найбольшая група з 38 птушак адзначана на рыбгасе “Сялец” на Берасцейшчыне.
Чырвонаваллёвая казарка (Branta ruficollis) – яшчэ адзін загадкавы для Беларусі від. Да гэтага году былі зроблены адзінкавыя рэгістрацыі. Аднак многія змаглі дадаць казарку ў свой спіс, бо па адной птушцы затрымаліся на некалькі дзён разам з вялікімі зграямі гусей на Гарадзеншчыне і на Міншчыне. Усяго было зроблена 4 паведамленні і 2 рэгістрацыі вясной.
Белашчокая казарка (Branta leucopsis) – значна больш звычайны ў параўнанні з папярэднім відам казарак у нас. За вясну было зроблена 10 рэгістрацый па ўсёй краіне, з найбольшай колькасцю 16 птушак. Толькі адно назіранне для восені.
Канадская казарка (Branta canadensis) – від-інтрадуцэнт для Еўропы, які памалу “прабіраецца” і ў Беларусь. Вясной было зроблена 7 назіранняў 3 паасобных птушак.
Нырок-свірок (Melanitta fusca) – уразлівы (Vu) у глабальным маштабе від качак, які сустракаецца ў нас штогод у невялікай колькасці на пралёце і часам на зімоўцы. Сёлета вясной адбыліся толькі 2 рэгістрацыі, яшчэ 6 зроблены ўвосень у розных рэгіёнах краіны і адна рэгістрацыя – 5 птушак на Нёмане – на зімоўцы.
Ныркі-свіркі, самкі. р.Нёман у Гродзенскім раёне, 05-11-2017, здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага.
Нырок-сіньга (Melanita nigra) – адна з найбольш рэдкіх паўночных качак, якія ляцяць праз Беларусь пад час міграцыі або зрэдку зімуюць тут. Гэтай восенню зроблены 7 рэгістрацый па ўсёй Беларусі, максімум 9 птушак на т.зв. Мінскім моры.
Чырвонаносы нырок (Netta rufina) – пераважна стэпавы від, які “плямамі” гняздуе ў многіх краінах Еўропы на захад ад нас. Сёлета адбылося толькі тры рэгістрацыі на ўсходзе краіны.
Нырок-плёсаўка (Aythya marila) – каля 20 рэгістрацый, пераважна увосень. Некаторыя плёсаўкі засталіся на зімоўку ў групах да 30 птушак на Нёмане, харчуючыся там малюскамі. Цікава, што самцы (як маладыя, так і дарослыя) адзначаюцца ў нас вельмі рэдка і ў невялікай колькасці.
Белавокі нырок (Aythya nyroca) – вельмі рэдкі, раней гняздуючы ў Беларусі від, які мае глабальны статус “блізкі да пагражаемага” (Near Threatened). За год былі зроблены толькі тры рэгістрацыі.
Нырок-маранка (Clangula hyemalis) – паўночная качка з падобным глабальным ахоўным статусам – “уразлівы від” (Vu). У нас сёлета адзначаны толькі двойчы, прычым першы раз – у цэнтры Мінска на Нямізе!
Нырок-маранка, маладая птушка. Мінск, 05-01-2017, здымак Станіслава Верталя.
Пярэстая качка (Tadorna tadorna) - пераважна марскі і стэпавы від качак, які ўсё часцей назіраецца ў Беларусі. Сёлета адбылося ажно 13 сустрэч у розных рэгіёнах, прытым што ў 2014-16 гг. было толькі па адной-дзве рэгістрацыі! Усе, акрамя адной рэгістрацыі былі зроблены вясной, а ў Бераставіцкім раёне Гарадзеншчыны тры самцы са сваімі гарэмамі трымаліся нават да пачатку лета! Чакаем на другі выпадак гнездавання віду ў нас?
Качка-мандарынка (Aix galericulata) - зроблены 2 рэгістрацыі. Прычым самка была забітая ўвосень на Міншчыне, а самец доўгі час вясной карыстаўся з дапамогі рыбакоў на Нёмане ў Гродна.
Даўганосы савук (Mergus serrator), які у невялікай колькасці гняздуе на поўначы Беларусі, па-за гнздавым сезонам сустракаецца ў іншых частках краіны параўнальна рэдка. За год зроблена 14 паведамленняў пра сустрэчы віда і 12 рэгістрацый. Найбольшая колькасць адначасова адзначаных птушак – 10.
Даўганосыя савукі, самкі. Магілёўскі раён, 06-11-2017. Здымак Уладзіміра Бондара
Малая белая чапля (Egretta garzetta) – толькі адна рэгістрацыя віду ў Тураве.
Чырвоная чапля (Ardea purpurea) – таксама толькі адна рэгістрацыя на поўдні краіны.
Жоўтая чапля (Ardeola ralloides) – несумненны прыклад карысці развіцця бёрдуотча ў Беларусі і рэальны прэтэндэнт на ўваход у ТОП-5 рэгістрацый гэтага году. Менавіта дзякуючы развіццю цікавасці да птушак Беларусі Дзяніс Кіцель з вялікай групай нямецкіх і польскіх бёрдэраў адзначыў другую для нашай краіны жоўтую чаплю!
Колпіца (Platalea leucorodia) – адбылася адзіная рэгістрацыя адной птушкі на прыканцы вясны.
Хадулачнік і колпіца, рыбгас Днепрабугскі, Драгічынскі раён. 29-05-2017, здымак Максіма Каласкова.
Каравайка (Plegadis falcinellus) – нячасты госць у нашай краіне, таму адзіная рэгістрацыя і першая пасля 2012 году таксама была рэальным прэтэндэнтам на ўключэнне ў лік пяці самых-самых.
Арол-маркут (Aquila chrysaetus), які яшчэ нядаўна ў невялікай колькасці гнездаваў у Беларусі, цяпер адзначаецца толькі каля пустых гнёздаў летам і трошкі часцей - зімой каля падалі. За год па-за сезонам гнездавання было зроблена 8 паведамленняў пра сустрэчы з відам, прычым некаторыя былі здымкамі з фоталавушак.
Арол-карлік (Aquila pennata) – яшчэ адзін загадкавы від, які гняздуе ў нас, але пра які амаль нічога невядома. Тым больш прыемныя яго нешматлікія рэгістрацыі, з якіх сёлета адбылася толькі адна.
Арол-магільнік (Aquila heliaca) – стэпавы від, які гняздуе найбліжэй да нас ва Украіне. Аднак залёты ў Беларусь можна пералічыць на пальцах адной рукі. Тым больш выключным можна прызнаць ажно дзве рэгістрацыі віду сёлета, абедзьве былі зробленыя на паўднёвым усходзе краіны.
Чырвоны каршун (Milvus milvus) – напэўна, адзін з самых рэдкіх гняздуючых у нас відаў. Пяць рэгістрацый фактычна ва ўсіх рэгіёнах краіны- яўная сёлетняя ўдача.
Канюх-курганнік (Buteo rufinus) – яшчэ адзін стэпавы від, колькасць назіранняў якога ў нас у апошнія гады павольна павялічваецца. Ажно тры рэгістрацыі на працягу году (з якіх 2 без дастатковых доказаў) – гэта пакуль што рэкорд для аднаго году.
Стэпавы лунь (Circus macrourus) таксама паказаў сёлета свой рэкордны год – ажно дзевяць рэгістрацый і адна з іх – першае гнездаванне на тэрыторыі Беларусі за апошнія 100 год!
Сокал-падарожнік (Falco peregrinus) – 10 рэгістрацый, з якіх ажно 2 – зімовыя і іншыя больш раўнамерна па іншых сезонах.
Сокал-падарожнік, маладая птушка. 08-2017, Гродзенскі раён, здымак Дзмітрыя Якубовіча
Сокал-шулёнак (Falco vespertinus) з 17 рэгістрацыямі на працягу году, з якіх 16- восеньскія, ужо наўрацці можа лічыцца відам з інвазіямі пад час восеньскай міграцыі. Хутчэй за ўсё сокалы-шулёнкі памянялі пралётныя шляхі на зімоўку і таму апошнія гады ў вялікай колькасці ляцяць праз Паўночна-Усходнюю Еўропу (і Беларусь) штогод. Наступныя гады пакажуць, ці гэта сапраўды так.
У сярэдзіне лістапада была зроблена адзінае сёлета назіранне паморніка (Stercorarius sp.), якога не атрымалася вызначыць да віду.
Малы грыцук (Limosa lapponica) – 6 рэгістрацый віду за восень.
Стучок (Lymnocryptes minimus) – загадвавы і скрытны кулічок, які не толькі гняздуе, але і зімуе ў нас. Але ўбачыць яго без спецыяльных пошукаў цяжкавата. Таму толькі дзве рэгістрацыі за год.
Сявец (Pluvialis squatarola) ляціць праз нас у тундру вяной і назад, на зімоўку- увосень. Аднак сёлета было зроблена толькі 8 рэгістрацый.
Ісландскі пясочнік (Calidris canutus) – толькі два назіранні ўвосень. Няўдалы сёлета сезон размнажэння для многіх арктычных відаў птушак у сувязі з параўнальна позняй і халоднай вясной можа быць адной з галоўных прычын яўна невялікай колькасці назіранняў арктычных кулікоў на пралёце і ў нас.
Пясчанка (Calidris alba) – толькі адна рэгістрацыя сёлета.
Кулік-гразeвік (Limicola falcinellus) – яшчэ адзін нешматлікі сёлета на пралёце кулічок, пяць рэгістрацый вясной і толькі тры- ўвосень.
Кулік-паручайнік (Tringa stagnatilis) – нешматлікі гняздуючы ў Беларусі від, у гэтым годзе 9 рэгістрацый.
Кругланосы плывунчык (Phalaropus lobatus) – 10 рэгістрацый за год, якія амаль пораўну раздзяліліся паміж вясной і восенню.
Кругланосы плывунчык, самка. Ачышчальныя сажалкі Турава, 05-2017. Здымак Сяргея Зуёнка
Каменяшарка (Arenaria interpres) – сёлета сем рэгістрацый.
Шыладзюбка (Recurvirostra avosetta) – сем рэгістрацый віда ў розных рэгіёнах Беларусі і першы выпадак гнездавання! Падрабязна пра яго і статус віду ў нашай і бліжэйшых да нас краінах ТУТ.
Хадулачнік (Himantopus himantopus) – пяць рэгістрацый, прычым некаторыя – з доказамі гнездавання. Падрабязней пра від у Беларусі, які ўпершыню адзначаны ў нас у адзін год з шыладзюбкай – 1994 – ТУТ.
Хадулачнік на ачышчальных сажалках Турава. 19-05-2017, здымак Сяргея Зуёнка
Чорнагаловая чайка (Larus melanocephalus) - адзін з відаў, якія ў невялікай колькасці гняздуюць у нашай краіне. Але з-за значнага падабенства з чайкай-рыбачкай, параўнальна нечаста рэгіструецца: за год 14 рэгістрацый, большасць з іх звязаны з актыўнымі назіраннямі за гарадзкімі звалкамі. Хутчэй за ўсё дзякуючы ім колькасць назіранняў значна павялічылася, бо ў 2016 такіх рэгістрацый было 7, у 2015 не было ніводнай, а ў 2014 – толькі адна.
Чрнагаловая чайка, палігон ЦБА "Паўночны" пад Мінскам, 16-07-2016, здымак Ірыны Самусенка
Малая чайка (Larus minutus) – параўнальна масавы на пралёце і нешматлікі на гнездаванні від. Усяго за год было зроблена 23 паведамленні пра сустрэчы з ім, аднак некаторыя пра зграі нават са 150 і больш птушак. Большасць рэгістрацый- вясновыя.
Крычка-чэграва (Hydroprogne caspia) – найвялікшы памерамі від крычак, які гняздуе на Балтыйскім і Чорным марах. Сёлета было 9 рэгістрацый, большасць з іх – вясной.
Шчурка-пчалаедка (Merops apiaster) – адзін з нямногіх рэдкіх відаў птушак, якія павялічваюць сваю колькасць не толькі ў нашай краіне, але і многіх краінах Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, што, пры трапічнай афарбоўцы птушак, не можа не радаваць. Усяго за год было зроблена некалькі паведамленняў, большасць з іх – пра гнездавыя калоніі.
Чарналобы грычун (Lanius minor) – рэдкі на гнездаванні від, рэгістрацыі якога па-за асноўнымі месцамі гнездавання на паўднёвым усходзе вельмі рэдкія. У гэтым годзе было толькі адно паведамленне пра сустрэчу з ім.
Пячураўка-зарнічка (Phylloscopus inornatus) – параўнальна новы для краіны сібірскі від, які дагэтуль вядомы толькі з адловаў і назіранняў са станцыі кальцавання птушак “Сасновы бор” з поўначы Беларусі. Сёлета быў адлоўлены там аднойчы і яшчэ раз не трапіў у сетку пад час восеньскай міграцыі.
Пячураўка-зарнічка, Расонскі раён. 19-09-2017, здымак Дзяніса Кіцеля
Чырвонаваллёвы свірстун (Anthus cervinus) – яшчэ адзін сібірскі від, які параўнальна ў вялікай колькасці ляціць праз нашу краіну, але не часта кідаецца ў вочы нашым назіральнікам. Толькі 2 рэгістрацыі на працягу году, адна з вясны і адна – з восені.
Чырвонаваллёвы свірстун, Магілёўскі раён, 13-05-2017. Здымак Уладзіміра Бондара.
Адной з птушак 2017 году для Клуба200 несумненна трэба прызнаць ці то від, ці то каляровую морфу - попельную чачотку (Carduelis hornemanni) . За год было зроблена ажно 36 рэгістрацый, прычым па ўсёй краіне! І калі з пачатку году за зіму і вясну было толькі 3 рэгістрацыі, то з сярэдзіны кастрычніка не было пэўна тыдня, каб гэтых птушак не лавілі на станцыі кальцавання “Сасновы бор” на Віцебшчыне (дзе і адбылася большасць рэгістрацый) ці не адзначылі ў іншых месцах Беларусі. У 2016 рэгістрацый было 11, усе з “Сасновага бору” і толькі з восені – зімы.
Рагаты жаўрук (Eremophila alpestris) – за год зроблена 37 паведамленняў і 24 рэгістрацыі. Зразумела, што гэты від у нас можна адзначыць толькі ўзімку, аднак пачатак гэтай зімы “прынёс” толькі 4 рэгістрацыі, ўсе астатнія былі зроблены ў студзені і лютым. Найбольш цікавай сустрэчай з’яўляецца, напэўна, рэгістрацыя 29.01 на Гарадзеншчыне адной з найбольшых вядомых для нашай краіны змешанай зграі зімовых тундравых вераб’іных, у якой рагатыя жаўрукі складалі значную большасць з прыкладна 500 птушак!
Сняжуркі (Plectrophenax nivalis) сёлета былі адзначныя 14 разоў і больш раўнамерна ў часе, чым рагатыя жаўрукі. Рэкорднай па колькасці ў гэтым годзе можна прызнаць зграі з пр. 400 асобін на Гарадзеншчыне і з пр. 300 птушак у Чэрвенскім раёне на Міншчыне, але большасць назіранняў тычылася ад 1 да пр. 70 птушак, прычым параўнальна часта сняжурак бачылі ў змешаных зграйках з рагатымі жаўрукамі.
Частка самай вялікай сёлета зграі сняжурак з пр. 400 птушак. Гродзенскі раён, 19-02-2017, здымак Дзьмітрыя Вінчэўскага
Горная чачотка (Carduelis flavirostris) – арктычны від, які за год назіралі 8 разоў, прычым сёлета ўпершыню на Віцебшчыне. Найбольшыя група ў прыкладна ў 60 птушак была адзначана на Гарадзеншчыне.
Чырвонагаловы каралёк (Regulus ignicapillus) – адзін з нямногіх нашых відаў, які працягвае пашыраць свой арэал на ўсход і ўжо рэгулярна сустракаецца пад Мінскам! Таму і рэгістрацыі каралька адносяцца хутчэй да яго гнездавых тэрыторый – іх за год атрымалася шэсць.
Чарнагаловы ерчык (Saxicola rubecula) – від з падобнай, але больш павольнай экспансіяй на поўнач і ўсход, таксама ўсе рэгістрацыі звязаны з гнездаваннем і іх сёлета чатыры.
Паўночная мармытуля (Iduna caligata) не так даўно з’явілася ў нашай фауне і з таго часу адзначаецца амаль штогод. Сёлета была зроблена адна рэгістрацыя – птушку злапалі і акальцавалі на поўначы краіны.
Белая сініца (Cyanistes cyanus) – рэдкі для краіны від, які вядомы на гнездаванні толькі з поймы Прыпяці і некаторых яе прытокаў і быў адзначаны за год не менш пяці разоў.
Ну і трошкі лічбаў па колькасці паведамленняў, дасланых сёлета ў Клуб200 - Топ-5 выглядае наступным чынам:
Дзьмітры Вінчэўскі – 108 паведамленняў за год,
Максім Каласкоў – 39,
Дзяніс Кіцель – 38,
Ірына Самусенка – 35,
Аляксандр Вінчэўскі -32 паведамленні.
(Некаторыя паведамленні дасланыя супольна 2 ці больш асобамі з гэтай пяцёркі).
Рэкорд па колькасці рэгістрацый відаў са Спісу Клубу200 на працягу аднаго дня належыць гарадзенцам (Дз.Вінчэўскаму, Ю.Лукашэнку і М.Гулінскаму), якія змаглі 11.02.2017 зрабіць ажно 10 рэгістрацый снежных падарожнікаў, сняжурак, рагатых жаўрукоў і сокала-падарожніка за кароткі зімовы дзень у розных месцах Гродзенскага і Бераставіцкага раёнаў.
Жадаем усім назіральнікам птушак цікавых рэгістрацый і новых рэкордаў на карысць птушкам і людзям!
______________________
NB Новыя для Беларусі віды ўвойдуць у Спіс птушак краіны, і многія прыведзеныя тут назіранні рэдкіх відаў стануць афіцыйнай навуковай інфармацыяй толькі пасля разгляду і пацверджання яе Беларускай арніта-фауністычнай камісіяй.
Падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На верхнім здымку Уладзіміра Бондара- самка стэпавага луня на Магілёўшчыне
На гэтую тэму:
Изменения в орнитофауне Беларуси за 2000-2016 годы
Клуб200: Топ-13 наших самых интересных наблюдений птиц в 2016 году
Стрынатка-крошка – новы для Беларусі від птушак- адляцела з уласным кальцом
В ОФИЦИАЛЬНОМ СПИСКЕ ПТИЦ БЕЛАРУСИ ТЕПЕРЬ 329 ВИДОВ
На Гомельшчыне злапаны новы для Беларусі від птушак – бледная перасмешка!
У фауне Беларусі з’явіўся новы гняздуючы від птушак – шыладзюбка!
НОВЫ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ВІД ПТУШАК – ЧАЙКА-БУРГАМІСТР – АДЗНАЧАНЫ ПАД МІНСКАМ
Новы для Беларусі від птушак – пячураўка-зарнічка – адляцеў з уласным кальцом
Cенсацыя? мякка сказана! – у нядзелю ў Беларусь заляцеў новы від птушак – барадач!
Як рыбакі новы від птушак для Беларусі адкрылі + VIDEO
Потенциальные новые виды птиц для Беларуси: кто они?
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
svyat08 - 27.12.2017 - 22:24
Дзякуй за агляд! Прыемна…
Дзякуй за агляд! Прыемна яшчэ раз успомніць 2017-ты.
Найлепшыя пажаданні сайту і яго бацьку!!!
Harrier - 27.12.2017 - 22:50
In reply to Дзякуй за агляд! Прыемна… by svyat08
Так, добры быў год - ёсць…
Так, добры быў год - ёсць што ўспомніць!
А ў сайта няма бацькі - яго стварыла і падтрымлівае каманда аднадумцаў. І гэта вельмі добра!
arktous - 28.12.2017 - 13:26
Интересно было прочитать…
Интересно было прочитать. Спасибо за поздравления, приятно, что и твоя копеечка попала в эту копилку.