Як краявід страху дзейнічае на птушак у нашых паселішчах

Навукоўцы доўгі час здагадваліся, што вераб’іныя птушкі ў гарадах знаходзяцца ў горшых умовах, чым іх адпаведнікі ў сельскай мясцовасці з-за больш фрагментаваных месцапражыванняў, менш якаснай ежы і большай колькасці драпежнікаў, асабліва катоў. З-за гэтага птушаняты тых самых відаў і ўзросту ў гарадах маюць меншую вагу ў параўнані з сельскімі, і, адпаведна, маюць горшыя шанцы на выжыванне пасля вылету з гнязда. У апошнім даследаванні каманда амерыканскіх арнітолагаў паказала з чым яшчэ гэта можа быць звязана.

Часткова цяжкасць у разуменні галоўных праблем для птушанят у гарадах уяўляе тое, што навукоўцы называюць “парадоксам драпежніцтва” (predation paradox) – хаця ў гарадах большая шчыльнасць патэнцыйных драпежнікаў, звычайна яго ўзровень у сярэднім ніжэйшы. “Ключ да разумення праблемы ляжаў зусім недалёка – мы не звярталі належную ўвагу на такі фактар, як страх сам па сабе” – сказаў Aaron Grade, аспірант і галоўны аўтар публікацыі па выніках даследавання.

Каб праверыць гэтую гіпотэзу, Grade з калегамі размясцілі 38 дуплянак для дамовых крапіўнікаў (Troglodytes aedon) у розных па шчыльнасці забудовы і насельніцтва паселішчах у даліне ракі Connecticut у штаце Massachusetts (ЗША): ад гарадзкой забудовы (Springfield, 4.775 чалавек на кв мілю), да прыгарадаў (Amherst, 1.445 чалавек на кв мілю) і сельскіх паселішчаў (Whately, 72 чалавека на кв мілю).

Даследчыкі дамовіліся з уладальнікамі дамоў пра тое, што каля некаторых гнёзд будуць рэгулярна пускаць запісы крыкаў дзённага і начнога драпежніка: паўночнаамерыканскай соўкі (Otus asio) і шуляка Купера (Accipiter cooperii) – абодва віды палююць на крапіўнікаў у Масачусетсе. Была і кантрольная група, якой галасы драпежных птушак не прайгравалі. Птушаняты крапіўнікаў у кожнай з дуплянак узважваліся кожныя тры дні да іх вылета.

Аказалася, што птушаняты з гарадзкіх гнёзд важылі на 10% менш за сельскіх, аднак птушаняты з гнёзд, каля якіх прайгравалі галасы драпежных птушак, важылі яшчэ на 10% менш без залежнасці ад таго, дзе яны знаходзіліся.

"Гэта яшчэ слаба даследаваны аспект жыцця птушак і нашых з імі ўзаемаадносін” – сказаў Grade. "Птушкі вельмі хутка рэагуюць на змены ў наваколлі, асабліва калі бачаць, або як у нашым выпадку, чуюць драпежніка. Дарослыя могуць у гэтым выпадку паводзіць сябе каля гнязда асцярожней і менш часу шукаць ежу для птушанят каб пазбегнуць драпежнікаў. “Краявід страху” можа мець большы эфект, чым наяўнасць самаго драпежніка”.


Крыніца: Aaron M. Grade et al, Perilous choices: landscapes of fear for adult birds reduces nestling condition across an urban gradient, Ecosphere (2021). DOI: 10.1002/ecs2.3665

Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

На здымку Уладзіміра Бондара – даўгахвосты крапіўнік Б’юіка (Thryomanes bewickii)

 

 

На гэтую тэму:

Гарадзкія дамовыя вераб’і жывуць у большым стрэсе, чым сельскія

Гарадзкія і негарадзкія вялікія сініцы адрозніваюцца генетычна

Маштабнае даследаванне нагадвае: трымайце коцікаў у хаце калі любіце дзікіх птушак

Навукоўцы: у Еўразвязе незаконна выпускаць катоў “пагуляць”

Каты ў Польшчы забіваюць штогод больш 100 мільёнаў дзікіх птушак

Якіх птушак і ў якой колькасці забіваюць свойскія каты: дадзеныя з Бельгіі і Францыі

Гнёзды і нішы абараняюць, але не заўсёды і не ад усіх

Крумкачовыя птушкі не аказваюць вялікага ўплыву на папуляцыі іншых птушак